Усе аўтары беларускай брэндавай вопраткі сабраліся ў антыкавярні ў Горадні ў пятнічны вечар. У горадзе над Нёманам кампанія “Будзьма беларусамі!” правяла ток-шоу “Быць беларусам да ніткі T-shirt: як патрэба ў самавызначэнні робіцца трэндам?”. Пацікавіцца і абмеркаваць апошнія тэндэнцыі нацыянальна скіраванай беларускай брэндавай вопраткі ў антыкавярню “Жывы час” прыйшло з паўсотні гарадзенцаў.
Мадэратар сустрэчы Хрысціна Марчук прывітала гасцей, патлумачыўшы, што ток-шоу — гэта частка серыі мерапрыемстваў пад назвай “Культура паляпшае жыццё”, якія ладзяцца па ўсёй Беларусі. А ў Горадні тэма абмеркавання мае практычнае ўвасабленне: “Вопратка ў сучасным свеце — гэта не толькі цеплыня ды ўтульнасць, а яшчэ і важны канал камунікацыі паміж яе носьбітамі. Гэта пазнака прыналежнасці альбо, наадварот, адмаўлення ад пэўных каштоўнасцяў, супольнасцяў, субкультураў. Такім чынам, вопратка — не проста элемент побыту, а частка культуры”.
У сталіцу Заходняй Беларусі гэтым разам прыехалі прадстаўнікі найбольш вядомых брэндаў вопраткі з нацыянальнай афарбоўкай: Ілля Аксёнаў, стваральнік брэнда LSTR, Сяргей Хамічук, брэнд “Важный Гусь”, Арнэстас Махін і Яўген Раманаў, брэнд “КУТ”. Дарэчы, прыклады вынікаў сваёй дзейнасці ўладальнікі брэндаў прадставілі тут жа, развесіўшы па сценах антыкавярні цішоткі, капюшонкі ды торбы. Такім чынам, госці маглі не толькі ўбачыць іх, але і памацаць вырабы ўласнаручна.
У пачатку стваральнікі брэндаў падзяліліся думкамі, чаму яны займаюцца вопраткай менавіта ў беларускім кантэксце. Ілля Аксёнаў адзначыў, што для яго гэта справа нацыянальнай годнасці — “рабіць якасна і крута на карысць беларушчыны”. Паводле Сяргея Хамічука, галоўнае — цікавы дызайн, зручнасць і якасць, але важна таксама, каб “рэч была зробленая тут, ідэнтыфікавала краіну”. Арнэстас Махін падкрэсліў, што гэта бізнэс, але з лакальным каларытам, мясцовай гісторыяй.
Цяпер, падаецца, ужо не так цяжка адкінуць стэрэатып аб тым, што беларускі каларыт у вопратцы — гэта выключна лён ды саламяныя брылі, што ў часткі беларусаў раўназначна словам “вёска” і “калгас”. Аднак паўстае новае пытанне: ці могуць нацыянальныя брэнды перакрочыць прыступку моладзева-пратэстнага street-wear і прапанаваць нешта больш сталай і шырокай публіцы? “Калі параўноўваць з канькамі, то мы свае пакуль толькі зашнуроўваем, а праз пару гадоў ужо будзем рабіць трайныя тулупы”, — метафарычна адзначыў Сяргей Хамічук, заўважыўшы, што пакуль робіць толькі самае простае з мажлівага. Арнэстас паставіўся да пытання з гумарам, высунуўшы ідэю рабіць для масавага спажыўца “канапы ў нацыянальным стылі”. У той жа час Ілля Аксёнаў прызнаў, што пашырацца і рабіць больш цікавыя рэчы хочацца, аднак пакуль не дазваляюць мажлівасці: трэба мець уласную вытворчасць.
Тут жа нечакана вымаляваўся першы спрэчны момант дыскусіі: ці ёсць розніца, дзе мае рабіцца вопратка, якая прапагандуе беларушчыну? “LSTR ніколі не будзе шыцца ў Кітаі, мы маем рабіць ТУТ своеасаблівую выспу беларушчыны ў акіяне глабалізму!” — катэгарычна заявіў Ілля. З такой пазіцыяй, аднак, не пагадзіліся госці сустрэчы: “Мне асабіста не падабаецца агрэсіўнае навязванне брэнда “Купляйце беларускае”, калі яно саступае замежнаму па цане і якасці”, — не стрымаўся фатограф Сяргей Саенка. “Нашмат важнейшыя ідэя ды адэкватная цана, а не дзе пашытае ды чыімі рукамі”, — выказаўся Міхась Матусевіч, адзін з аўтараў “цішотак для закаханых”, брэнда, які толькі набірае абароты. Арнэстас і Сяргей таксама не падтрымалі свайго калегу з LSTR, зрабіўшы акцэнт на дасяжнасці рэчы для пакупніка.
Дык ці можа ў такім разе беларуская брэндавая вопратка спаборнічаць з масавай вопраткай з мінскіх рынкаў альбо беластоцкіх супермаркетаў? І ці хочуць гэтага яе стваральнікі? На дадзеным этапе перамагае ідэя вымушанага ці свядомага “андэграўнду” ды нішавасці. “Такая вопратка — цудоўны падарунак, унікальны, незвычайны, не такі, як ва ўсіх, — адзначыла ўдзельніца дыскусіі Лана Руднік, — у гэтым, на маю думку, яе цымус”. Аднак гэта не значыць, што з часам LSTR, “КУТ” альбо “Важный Гусь” не выйдуць на больш шырокі рынак, каб узбагаціць не толькі масавую беларускую, так і глабальную амерыканска-еўрапейскую моду, якую толькі падмацоўваюць лакальныя культурныя ўплывы.“Калі культура працуе добра, андэграўнд абавязкова выходзіць на паверхню”, — рэзюмаваў Арнэстас Махін.
У канцы як госці, так і выступоўцы з залы пагадзіліся, што рухавіком нацыянальна скіраванай вопраткі ў Беларусі мае быць канкурэнцыя і якасны маркетынг. “У нас маркетынг дрэнны, таму тут усё на вешалках вісіць. Банэр прывёз, напрыклад, толькі Ілля — давайце яму папляскаем”, — пахваліў канкурэнта Сяргей Хамічук. Пры гэтым паразуменне і супраца паміж прадстаўнікамі брэндаў, якія, нягледзячы на розніцу ў ідэалогіі, матывацыях, выглядзе і цане свайго прадукту, робяць адну справу, дае надзею на лепшае.
Рэгіянальны каардынатар кампаніі Кацярына Раманчык падсумавала дыскусію, адзначыўшы, што грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” верыць у творчы і прадпрымальніцкі патэнцыял беларусаў. Назіраючы досвед краін, што ў развіцці маркетынгу і бізнэс-камунікацый пайшлі значна далей за нас, мы маем мажлівасць не толькі навучыцца на паспяховых прыкладах якасна рабіць сваю справу, але і рабіць яе свядома — на супольнае развіццё пачуццё ўласнай годнасці беларусаў.
Будзьма прыгожымі!
Алесь Кіркевіч
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Маеце цікавыя культурніцкія тэмы, важныя для абмеркавання ў вашым горадзе? Запрашайце — прыедзем!