У міжыкалядзь 28 снежня фолк-блюз праект “Балцкі Субстрат” зладзіў у сталічным “Рок-буфеце”, што на вул. Л.Бяды, 2, святочную літаратурна-музычную імпрэзу ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць”, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Музыкі распавялі публіцы пра знакавы для краіны юбілей, які будзе шырока адзначацца грамадскасцю ў новым, 2017-м, годзе, і прэзентавалі адмыслова падрыхтаваную для імпрэзы калядна-навагоднюю праграму. Гучалі песні на словы айчынных паэтаў-класікаў, апрацоўкі народных песень, кампазіцыі паводле тэкстаў сучасных аўтараў. Музыкант і літаратар Віктар Сямашка правёў сярод прысутных віктарыну паводле творчай біяграфіі легендарнага ансамбля “Песняры” і яго заснавальніка Уладзіміра Мулявіна. Найбольш актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымалі ў падарунак прызы ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Завершылася імпрэза незвычайным сюрпрызам – калядным рэпам ад “Балцкага Субстрату” паводле тэксту народнай песні “А чалом, чалом пад акенечкамі”.
Фота Дар’і Дарашкевіч