Убачыўшы вонкавы выгляд клубу “DAclub”, у якім мусілі выступаць маладыя рок-зоркі “Tlusta Lusta” і доўгачаканыя “Garadzkija”, я падумала: а ў чым “фішка”, уласна кажучы? Славуты клуб месціўся на першым паверсе шматпавярховага адміністратыўнага будынку і адгароджваўся ад знешняга свету вялікімі жалезнымі кратамі. Як потым высветлілася, гэтая ўстанова – улюбёнае месца як студэнтаў, якія навучаюцца непадалёк, так і сталічных меламанаў, што прыходзяць сюды ў пошуках псіхадэлічных і рэгі-вечарынак.
Месца і абстаноўка, безумоўна, шмат могуць сказаць пра фармат імпрэзы, але я ўсё роўна доўга не магла ўцяміць, за якімі дзвярыма мне шукаць тую самую “фішку”. Спачатку на сцэне з’явіўся легендарны Піт, добрасумленна пералічыўшы ўсіх спонсараў і арганізатараў канцэрту. Затым яго месца занялі гарадзенскія хлопцы з гурту “Tlusta Lusta”.
І вось тут яно пачалося. Жорсткія і загрузныя кампазіцыі, што часам неслі ў сабе адмыслова камічны і даведзены да абсурду сэнс, складалі большую частку рэпертуару выканаўцаў. Дарэчы, памылка на афішы канцэрту ў слове rou-hurt, – зусім не памылка. Як зазначыў саліст “Tlusta Lusta” Кірыла, яны граюць зусім не рок, а менавіта роў-музыку, бо на сцэне яны сапраўды “равуць”.
Асобнага слова заслугоўвае і змест кампазіцыяў (хаця яго часам бывае цяжка разабраць). Лірыка “Tlusta Lusta” – сапраўдная скарбонка для беларусаў, бо тут вершы і Янкі Купалы, і Цёткі, і Андрэя Хадановіча. Творчасць гурту цалкам упісваецца ў фармат “Будзьма адукаванымі!”.
Які беларус не ведае шчырых словаў Цёткі:
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт:
Чую агонь ў нас — не брыну,
Бачу, братцы, мы не з карт,
Мы не з гіпсу, мы — з камення,
Мы — з жалеза, мы — са сталі,
Нас кавалі у пламенні,
Каб мацнейшыя мы сталі.
Нарэшце на сцэне з’явіліся доўгачаканыя “Garadzkija” і пачалі бударажыць публіку (у добрым сэнсе) сваімі класічнымі “Каўбасіць ды плюшчыць”, “Karamba”, “Народная”.
Як абяцаў Піт сваім прыхільнікам у папярэдніх інтэрв’ю парадаваць іх новым гучаннем музыкі, гук насамрэч стаў больш якасным і адладжаным.
Напрыканцы праграмы “Garadzkija” выканалі славутую “Enter Sandman” “Мetallica,” што яшчэ больш завяло публіку. Але, так як усяму добраму на свеце прыходзіць канец, выступ“Garadzkich” таксама падышоў да свайго лагічнага сканчэння.
Мяркую, па тым, як “каўбасіла ды плюшчыла” беларусаў учора на танцпляцоўцы “DAclubu,” яна будуць наведваць, ці, прынамсі, імкнуцца наведваць кожны канцэрт “Garadzkich”, як заклікаў учора Піт Паўлаў. І ня важна, у якім месцы гэтыя канцэрты будуць адбывацца.
На фота:
1. Беларусаў “каўбасіць і плюшчыць”
2. На сцэне “Tlusta Lusta”
3. Выступаюць “Garadzkija”
4. Піт Паўлаў