Рагачоў — горад, які сучасныя беларускія музыкі не надта распесцілі сваімі канцэртамі. Таму прыезд Таццяны Беланогай 15 лютага жыхары Рагачова ўспрынялі як сапраўдную падзею. Канцэрт ладзіўся ў мясцовым музеі Народнай Славы і сабраў каля 50 чалавек.
“Для нашага гораду такое мерапрыемства — упершыню. Нас вельмі рэдка наведваюць беларускамоўныя музыкі, пісьменнікі, таму жыхары гораду ўспрымаюць такія мерапрыемствы з захапленнем. Першы крок зроблены, і мы будзем імкнуцца працягваць гэтую традыцыю”, — выславіў сваё ўражанне ад імпрэзы дырэктар музею Андрэй Чарняўскі.
Канцэрт наведалі людзі рознага веку — ад 16 да 50 гадоў, а адносна невялікую колькасць наведнікаў Андрэй Чарняўскі патлумачыў адсутнасцю рэкламы. “Мы адмыслова не рэкламавалі канцэрт, бо адчувалі, што не зможам змясціць усіх ахвотных у адносна невялікай залі музею”, — зазначыў ён.
Таццяна Беланогая прэзентавала публіцы кампазіцыі са свайго апошняга альбому “Дзьвюхкроп’е” і з ранейшых альбомаў, а таксама зусім новыя песні.