Этна-трыо “Троіца” дало канцэрт на малой сцэне мінскага Купалаўскага тэатру 17 лютага. Амаль дзве гадзіны Іван Кірчук, Юры Паўлоўскі і Юры Дзмітрыеў заглыблялі прыхільнікаў якаснага музычнага фольк-мастацтва ў аўтэнтычныя беларускія этна-матывы, выкананыя ў незвычайнай форме і аранжыроўцы. Стыль свой музыкі вызначаюць як фольк-ф’южн.
Малая зала тэатру разлічаная на 70 чалавек, але на канцэрце “Троіцы”, каб задаволіць усіх жадаючых паслухаць гурт, арганізатары вымушаныя былі ставіць ва ўсіх магчымых месцах дадатковыя крэслы. Музыкі даволі рэдка ладзяць канцэрты на радзіме, усё больш часу праводзячы па-за яе межамі.
Падчас канцэрту прагучалі кампазіцыі з усіх альбомаў “Троіцы”. Сярод іх “Сон-трава” з аднайменнага альбому, забаўная і смешная “Галя”, што ўвайшла ў склад “Журавоў”, вясенняя песня “Яблынь мая” з альбому “Троіца”. Кампазіцыямі “Трыпціх” і “Тры Янгалы” гурт прэзентаваў свой апошні альбом “Жар-Жар”, які быў летась запісаны на студыі West Records.
Па традыцыі, уся сцэна тэатру была запоўненая інструментамі, якія выкарыстоўваюць музыкі. Дудкі, званочкі, анклуны, домры, дарабука, адмысловыя ракавінкі для шумавых эфектаў — толькі некаторыя з іх. Гучанне гэтых інструментаў гарманічна ўплятаецца ў падставовы матыў і тэкст кампазіцыі і дадае да яе адценне шаманскай містыкі і магіі.
“Вось такая багатая спадчына належыць нашым продкам. Дзякуючы таму, што хтосьці сабраў і захаваў яе, мы маем магчымасць выконваць гэтыя песні зараз”, — адзначыў падчас канцэрту Іван Кірчук.
У сучаснай музычнай прасторы Беларусі “Троіца” застаецца ўзапраўду ўнікальным гуртом. Іван Кірчук сабраў багатыя фальклорныя скарбы Беларусі, а ягоная каманда пры дапамозе разнастайных музычных інструментаў перапрацавала іх і зрабіла даступнымі для ўсіх аматараў даўніны, народнай мудрасці і якаснай прафесійнай музыкі.
Канцэрт ладзіўся пры падтрымцы кампаніі “Будзьма!”
Фотаздымкі Кастуся Яцкевіча.