Якая прыгожая восень! Яшчэ не вельмі халодна, паветра празрыстае і бадзёрае. Чаму б не завітаць у школу № 5 горада Жодзіна ды сустрэцца з дзеткамі ў Зялёным Бары? Лёгка! 15 кастрычніка ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” лялечны тэатр “Лямцавая Батлейка” пазнаёміў дзетак з новымі прыгодамі шведскай кароўкі Мамы Му і яе сябра Крумкача. Вялікі дзякуй за арганізацыю гэтай вандроўкі спадарыні Святлане Чакушка ды спадару Валерыю Гусеву.
На пачатку кожнага з спектакляў была праведзена моўная віктарына. Мы паўтаралі адмысловыя беларускія словы: крумкач, хвалі, дах, маланка, потым дзеці іх засвоілі падчас спектакля. А Крумкача яны запомняць надоўга! Колькі было смеху, калі Мама Му ехала па трубе, Крумкач яе вызваляў, а потым сам лятаў за медаль. Дзеці паказалі як яны ўмеюць плаваць, навучыліся заўзець, а пасля ўсяго самі зрабілі сабе медалі. Усе гледачы атрымалі маленькія падаруначкі ад кампаніі “Будзьма!” – жартоўныя закладачкі для кніг. Чытайце кніжкі на роднай мове!
Да пабачэння! Да новых сустрэч!
Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му, у выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоў для дзетак і дарослых, пішыце на скрыню [email protected], і ваш зварот не застанецца без увагі.
Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з посьпехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.
Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў угараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.