This movie requires Flash Player 9
20.03.2017 | Кірмаш праектаў Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

Кірмаш праектаў для Слоніма і яго жыхароў

Чым жывуць слонімцы? Як праводзяць вольны час, адпачываюць, сябруюць, знаёмяцца? Якія магчымасці ёсць для ўласнага развіцця і чаго не хапае? Калі ў вас ёсць ідэі, як палепшыць гарадское асяроддзе і жыццё гараджан у ім, запрашаем імі падзяліцца.

slonim

Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA абвяшчаюць конкурс культурніцкіх і сацыяльных ідэй “Кірмаш праектаў” і прапануюць абмеркаваць іх разам!

Кірмаш праектаў – гэта спосаб прадэманстраваць публічна сваю старую ці свежапрыдуманую ідэю, каб зрабіць горад больш разнастайным, утульным, насычаным цікавымі сустрэчамі і падзеямі; горад, з якога не хацелася б з’язджаць ніколі. Вы зможаце падзяліцца сваёй ідэяй з неабыякавымі людзьмі, знайсці аднадумцаў, якія дапамогуць вам карыснымі парадамі, важнымі сувязямі, непасрэдным удзелам у вашым праекце, а часам і фінансава.

“Будзьма беларусамі!” аб’ехала з “Кірмашамі” Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Ліду і іншыя гарады і мястэчкі Беларусі. Дзякуючы гэтаму фармату многія цікавыя гарадскія ініцыятывы здзейсніліся, іх ініцыятары знайшлі аднадумцаў для рэалізацыі цікавых праектаў. Да прыкладу, у гэтым годзе “Кірмаш праектаў” у Віцебску дапамог узбагаціць Дзень горада і Дзень моладзі  мноствам адметных падзей. Сярод іх – Летні маркет “Барадулінкі”, фестываль актыўнага адпачынку “Свята ветру”, турнір па футбольным фрыстайле “Вежа”, першая агульнагарадская фотасушка, “Спеўны сход” і нават вулічныя майстар-класы па танцах. А ў  Магілёве з’явілася “Палатно гісторыі ў стылі графіці”, якое расказвала пра найбольш значныя гістарычныя даты, а яшчэ  ініцыятыўныя жыхары горада здзейснілі  літаратурны праект “Паэзія ў метро”, чым па атмасферы наблізілі свой горад да Лондана.

Як адбываецца Кірмаш?

Этап 1. Збор ідэяў

Удзельнічаць у конкурсе можа любы ахвочы незалежна ад статусу і ўзросту. Дастаткова падаць заяўку і апісаць ідэю, якая ідзе на карысць Слоніму і яго жыхарам.

Ідэю трэба прадставіць у фармаце прэзентацыі PowerPoint і аналагічных з указаннем наступных звестак:

– інфармацыю пра аўтараў (прозвішча, імя, арганізацыя, назва праекта, кантактны нумар тэлефона);

– назву ідэі/праекта;

– мэту і сутнасць ідэі;

– чаму і каму гэта неабходна;

– калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

– якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце? (каманда, партнёры, бюджэт).

Даслаць ідэю трэба да 2 красавіка ўключна на kirmash.praektau@gmail.com з пазнакай “Кірмаш праектаў-Слонім”.

Этап 2. Публічная прэзентацыя праектаў, дзе ВЫ ЗМОЖАЦЕ:

– распавесці пра сваю ідэю шырокай і невыпадковай аўдыторыі (афіцыйныя асобы, грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнесу, турызму і іншыя зацікаўленыя);

– атрымаць парады экспертаў і народную ацэнку свайго праекта;

– знайсці партнёраў, валанцёраў, пляцоўкі і рэсурсы для рэалізацыі вашай ідэі;

– пазнаёміцца з іншымі цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;

– натхніць сваім прыкладам тых, хто таксама мае файныя ідэі, але пакуль не асмеліўся выйсці з імі на публіку.

Фармат мерапрыемства – так званая “маланкавая размова”, што фактычна выглядае як аповед пра сваю задуму з прэзентацыяй, зробленай у PowerPoint, Keynote, Prezi.com ці іншых сэрвісах, цягам 5 хвілін.

Этап 3. Адбор і абвяшчэнне пераможцаў

Пасля выніковай імпрэзы экспертная рада конкурсу адбярэ найбольш цікавыя праекты з канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі, новымі падыходамі да вырашэння праблем і культурна-сацыяльным кірункам. А таксама акажуць усю магчымую дапамогу: ад кансультацый да рэалізацыі.

Ёсць пытанні?

Мы адкажам: kirmash.praektau@gmail.com, (29) 7843221, (29) 1068594.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика