18.03.2015 | Кірмаш праектаў Навіны "Будзьма!"

“Кірмаш праектаў” у Берасці: новыя ідэі ў скарбніцу Культурнай сталіцы-2015!

Калі вы хочаце бачыць якаснае мастацтва на вуліцах Берасця і ведаць больш пра яго музыку, цікавіцеся актуальнай журналістыкай або імкняцеся, каб вашае дзіця адчувала свае багатыя культурныя карані, — завітайце на “Кірмаш праектаў” у “Грунтоўню” 19 сакавіка ў 19:00. Будзе цікава!

 

“Кірмаш праектаў” — гэта прэзентацыя культурніцкіх ідэй ад людзей, якія прагнуць змяніць свой горад да лепшага. Вандруючы з горада ў горад, кампанія “Будзьма беларусамі!” збірае на “Кірмашах” тых, хто адчувае сваю, не пабаімся гэтага слова, місію і гатовы падзяліцца цікавым досведам, атрымаць веды і сваю дапамогу, пазнаёміцца ці проста натхніцца людзьмі, якія імкнуцца да развіцця!

Увечары найбліжэйшага  чацвярга ў “Грунтоўні” будзе прадстаўлена пяць праектаў:

“Бацькі. BY” (Вольга Крусь) — нефармальна-адукацыйны «серыял» для маладых бацькоў або людзей, якія толькі рыхтуюцца імі стаць.

“Гісторыя Берасця для чайнікаў” (Кацярына Лютыч) — абсалютна не сумны інтэрактыўны праект, які надасць вам гонару за свой горад і ўпэўненасці ў адказах на пытанні ад мінакоў-турыстаў.

— “Клуб універсальных журналістаў” (Наталля Гарайкіна, АРР “Дзедзіч”), які дасць гораду новае пакаленне журналістаў.

Стрыт-арт праект “Брэсцкая крэпасць-герой” (Ілля Нікіцюк) — мастацкая даніна гістарычнай спадчыне горада. Ніякага кітчу, затое высокая якасць і актуальнасць у выяўленні.

“Ёгурт” (Дзмітрый Босак і Марта Мартынюк) — ідэя, якая можа дапамагчы берасцейскім музыкам быць больш вядомымі і паважанымі ў сваім жа горадзе. Дзякуючы належнаму відэапрома.

Па кожным праекце ёсць што абмеркаваць і прапанаваць.  Таму шчыра запрашаем далучыцца да прэзентацыі! Разам мы знойдзем спосабы рэалізаваць вартыя таго задумы!

Даведкі: (029) 727-30-97, (029) 313-98-60 (Зміцер Назараў, каардынатар ГКК “Будзьма беларусамі!” па Брэсцкім рэгіёне).

19 сакавіка

КЦ “Грунтоўня”, вул. Дзяржынскага, 14.

Пачатак: 19:00.

Уваход вольны!


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика