Як пішуцца вершы? Калі ўпершыню пачалі пісаць? Хто ваш любімы паэт? Чаму вершы пішуць не ўсе людзі, а рэдка хто? – шэраг пытанняў, якімі засыпалі паэтэсу Веру Буланда дзевяцікласнікі Пліскай СШ, што ў Смалявіцкім раёне, падчас літаратурнай сустрэчы, якая адбылася 18 снежня 2017 года ў межах кампаніі “500-годнасць беларускага друку”.
Пачаткам размовы паслужыла кніга Міхася Скоблы “Высьпятак ад Скарыны”, у якой выкарыстаны цытаты з прадмоваў і пасляслоўяў Францішка Скарыны (кніга перастварэнняў “Скарына Францыск. Маем найбольшае самі” Алеся Разанава). Вось адна з цытат, на якую суразмоўцы абапіраліся ў час гутаркі:
“Усякаму чалавеку трэба дружбаваць з кнігай, бо яна люстэрка людзкога жыцьця і душэўныя лекі, уцеха – самотным, зьнявераным – помач”.
Спадарыня Вера пазнаёміла слухачоў са сваёй новай кнігай “Лагода”, падкрэсліўшы, што вельмі рада выхаду кнігі менавіта ў год 500-годдзя беларускага кнігадруку. Распавяла гісторыю жыцця і творчасці Францыска Скарыны, правяла цікавую віктарыну. Вера Аляксандраўна ў сваім выступе падкрэсліла, што кніга ў жыцці кожнага чалавека – добры сябра і дарадца, а таксама найлепшае люстэрка людскога жыцця…”
Як час на месцы не стаіць
І круціцца зямля ў скрусе,
Пакуль вы будзеце любіць,
Я ад сябе да вас вярнуся.
Каб толькі сонцу не астыць,
Я кожнай тканкаю малюся,
Пакуль вы будзеце любіць,
І я пад сонцам застануся.
Пакуль вы будзеце любіць,
Ад шчасця я не адракуся,
Бо як без вас на свеце жыць.
Вы пачакайце – я вярнуся.
Чытальнікам вершаў, актыўным удзельнікам размовы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” былі ўручаны падарункі: торбачкі, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, плакаты “500-годнасць першадруку”.