Спадарыня Вера Буланда выхаванцам СШ № 212 горада Мінска 22 сакавіка 2017 года распавяла пра жыццёвы шлях Францыска Скарыны, нагадаўшы, што 2017 год – год 500-годнасці і першага друкара, і яго цудоўнай працы – кнігадруку.
Паэтэса падкрэсліла, што зоркай першай велічыні на небасхіле нашай нацыянальнай культуры і сёння з’яўляецца Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551) – найбольш велічная постаць эпохі Адраджэння на Беларусі. Геній Скарыны – заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання, асветніка-гуманіста, доктара медыцыны, арыгінальнага мысліцеля, пісьменніка-публіцыста, перакладчыка-паліглота, выдаўца – мог зрабіць гонар любой дзяржаве.
Марыў калісьці славуты Скарына,
“Ціснучы” кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступным ён мудрасць вякоў.
Н. Гілевіч
Прыгадваючы біяграфію Ніла Сымонавіча Гілевіча, Вера Аляксандраўна распавяла, што паэт шмат увагі ў сваім жыцці ўдзяляў кнізе – як аднаму з лепшых сяброў ягоных. Прыгадваючы сваё дзяцінства, ваеннае ліхалецце, калі фашысты палілі кнігі, ён жадаў:
Каб на роднай зямлі,
Дзе ў кожнай кватэры,
У кожнай сям’і
Найпачэснае месца
Адводзяць для кніг,
Больш ніколі
Кастроў не палала такіх!
“Роздум перад кніжнай паліцай”
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” самым актыўным суразмоўцам і ўдзельнікам у конкурсе “Лепшае пытанне” былі ўручаны падарункі – паштоўкі і плакаты “Пяцісотгоднасці”.