Як добра, што 500 год таму пачаліся друкавацца кніжкі на роднай, беларускай мове! Справа шырыцца, і сёння мы маем магчымасць чытаць нават шведскія кніжкі пісьменніцы Юі Вісландэр з серыі “Мама Му” на роднай мове, дзякуючы працы перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч. Здаецца, гэта не такая і цяжкая справа перакласці словы з адной мовы на другую. І мы прапануем гледачам тэатра “Лямцавая батлейка” зрабіць гэта перад спектаклем. Аказваецца – няпростая справа!
Складанасці з перакладам здарыліся перад выступам 20 траўня на фестывалі “Горад і Кнігі” у дворыку БНТУ, і таксама 25 траўня ў пачатковай школе №29 у 2 “Д” класе. Каб лепей ведаць беларускія словы і перакладаць іх з любых моў, акторкі тэатрыка Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова перадалі дзеткам маляўнічыя паштовачкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой праходзілі выступы. А яшчэ настаўніца ўпрыгожыла кабінет чырвоным плакатам пра 500-годнасць беларускага кнігадруку.
Пра фестываль хочацца сказаць асобна. Сонечнае надвор’е, утульны двор, клапатлівыя арганізатаркі зрабілі ЦУД. Кніжная атмасфера натхняла дзетак і дарослых. Спектакль “Хутчэй, Мама Му!” прайшоў на УРА!
А ў школе №29 атрымаўся сюрпрыз. Замест звычайнага ўроку – сапраўдны тэатр! Каб так пачынаўся кожны школьны дзень! Спадзяемся, што наш выступ натхніў і вучняў, і настаўніцу на добры настрой, беларускую мову і жаданне чытаць кніжкі. Дарэчы, дзеткі напярэдадні былі ў бібліятэцы і не змаглі ўзяць ніводнай кніжкі пра Маму Му – ўсе на руках! Але абяцалі гэта зрабіць пры першай жа магчымасці.
Да пабачэння! Да новых сустрэч! Чытайце кніжкі на роднай мове!
Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му, у выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоў для дзетак альбо дарослых, пішыце на скрыню [email protected], і ваш зварот не застанецца без увагі.
Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з посьпехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.
Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў угараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.