This movie requires Flash Player 9
13.03.2017 | Абмяркоўваем культуру Навіны "Будзьма!" Разам да справы! Ствараем культуру

Крэатыўны клас выратуе свет? Пункты судакранання журналістаў і актывістаў

Чарговы прэс-клуб у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” меў назву “Калі цябе няма ў інтэрнэце, ты не існуеш”. Перафразуючы сусветна вядомага айцішніка, як паразумецца тым, хто напаўняе мясцовыя СМІ кантэнтам, і актывістам, чые добрыя справы часта застаюцца па-за шырокай увагай? Здаецца, у Гродне прадстаўнікі медый і грамадскага сектару знайшлі адказ.

IMG_1340

“Нашы метады працы са СМІ — мяккі тон і ўсмешка на твары”

“Напэўна, мы знаёмыя тут з усімі, акрамя іншагародніх”, — абвяла вокам прысутных лідарка грамадскага аб’яднання “ВелаГродна” Юлія Каляда і адразу ж раздала буклеты новым людзям.

Гродзенскія раварысты — ньюсмейкеры, якіх любяць, бадай, усе мясцовыя медыі: і недзяржаўныя, і дзяржаўныя. Пра масавыя заезды калісьці “Крытычнай масы” і арганізаваныя марафоны сённяшняга “ВелаГродна” не пісаў (а таксама фатаграфаваў, здымаў і паказваў) толькі лянівы.

Юлія Каляда кажа, што інфанагода “ў горадзе ёсць раварысты, і з імі трэба лічыцца” — ужо пройдзены этап. Сёння ні ў аблвыканкаме, ні ў ДАІ няма неабходнасці даводзіць патрэбы кіроўцаў ровараў. Трэба рухацца далей, і тут у дачыненнях з медыямі паўстае цэлы пласт праблем.

“Мы некамерцыйная арганізацыя. На гэта мала калі ў прэсе робіцца акцэнт. Многія людзі думаюць, што мы бюджэт з вобласці атрымліваем. У нас ёсць толькі сяброўскія складкі, ахвяраванні. На ўсе мерапрыемствы мы шукаем грошы самі. Людзям трэба разжоўваць: без вашай дапамогі грамадскія аб’яднанні існаваць не могуць”, — перакананая Юлія.

Яна прыводзіць у прыклад практыку еўрапейскіх краін, дзе падаткаплатнікі могуць 1% адлічыць на карысць таго ці іншага НДА. Актывістка ўпэўненая, што нават без такой сціплай падтрымкі грамадскія аб’яднанні не дадуць рады. Юлія Каляда хацела б, каб медыі надавалі значэнне яшчэ аднаму аспекту аргразвіцця: прыцягненню новых сяброў.

Мала хто ведае, што “ВелаГродна” — удзельнік таварыства “Зялёная сетка”, Грамадскай кансультацыйнай экалагічнай рады пры камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Рады па развіцці веларуху. За страшнымі афіцыёзнымі назвамі, на думку Юліі, стаяць проста канцэптуальныя рэчы.

“СМІ мала цікавяць сумныя паседжанні, хоць для нашай працы вельмі важная наяўнасць такіх радаў пры выканкамах. Для пачатку спатрэбілася гады тры, каб яны з’явіліся, пасля трэба было зрабіць, каб яны працавалі. Трэба разумець, што такія рады ўтвараюцца не для арганізацыі мерапрыемстваў, а для дасягнення мэтаў. Хочацца фундаментальных зменаў, а не проста ладзіць забавы”, — тлумачыць Юлія.

Хто ведае, што праз збег абставін у раённых гарадах адказнасць за веладарожкі даручылі БРСМ? Між тым пакуль што вынікамі гэтых радаў мала хто цікавіўся.

У “ВелаГродне”, як і ў многіх іншых НДА, няма спецыяльнага чалавека для камунікацыі з журналістамі. Сродкаў, каб такога навучыць ці проста наняць, таксама. Здараецца, што выданні ігнаруюць чарговы велапрабег ці афіцыйны зварот, бо пісалі пра гэта ўжо раней.

“Хочацца спадзявацца на ініцыятыву з таго боку: калі на велапрабегу чагосьці бракуе для “карцінкі”, давайце арганізуем гэта разам. Але гэтага не адбываецца”, — кажа Юлія.

Яна заўважыла, што з газет да яе звяртаюцца, калі там з’яўляюцца маладыя спецыялісты. Аднак калі пачынаюць задаваць пытанні, адказы на якія апублікаваныя на сайце velogrodno.by, становіцца шкада ўласнага працоўнага часу.

Рэдка, але бывае, што ў СМІ выходзяць каментары ад імя “ВелаГродна”, якія арганізацыя не давала, праз непраўдзівыя паведамленні адмяняюцца заезды, а даты марафонаў блытаюць.

“Усё ж я стараюся захоўваць мяккі тон, калі прашу паправіць памылкі. Мы разумеем, што залежым ад журналістаў”, — падсумоўвае Юлія Каляда.

У “ВелаГродне” ёсць палажэнне пра інфапартнёрства для тых, хто захацеў бы асвятляць падзеі і працу грамадскага аб’яднання больш сістэмна.

“Калі ласка, хто-небудзь, напішыце пра праблемы прафесійнага веласпорту! У вобласці ён трапіў у чорны спіс: ім даюць грошы — яны не вырошчваюць чэмпіёнаў. Праблемы спартовых школ цалкам праваленыя ў гродзенскай інфапрасторы”, — заклікала Юлія ў знак “карпаратыўнай” салідарнасці з раварыстамі-прафесіяналамі.

На завяршэнне ці то жартам, ці то ўсур’ёз актывістка зрабіла важны мэсідж і тым самым запоўніла прабел у медыях:

“Калі вы хочаце падтрымаць развіццё веларуху, скарыстайцеся найбольш зручнай для вас паслугай — АРІП альбо sms».

IMG_1351

“Пра культуру ніхто не чытае, але не пісаць місія не дазваляе”

Штотыднёвік “Газета Слонімская” адноўлены 20 год таму (сваю гісторыю газета адлічвае ад 1938 года). Карэспандэнт Мікіта Пастухоў распавёў пра найбольш папулярныя ў чытачоў публікацыі.

Усе прызы “глядацкіх сімпатый” — у здарэнняў: пажары, забойствы, знікненні людзей. Мікіта Пастухоў кажа, што ў рэдакцыі ГС і самі не радыя грамадскаму густу, аднак статыстыка сведчыць, што гэтая тэндэнцыя не мяняецца.

І разам з тым у Слоніме не без добрых людзей. Часам іх актыўнасць абмяркоўваюць тыднямі. Аднойчы ў рэдакцыі газеты правялі круглы стол на тэму бадзяжных жывёлаў. У ім удзельнічалі прадстаўнікі ЖКГ і абаронцы жывёл. Лісты слонімцаў пра праблему друкавалі пасля яшчэ некалькі тыдняў. Сапраўдны прыклад дыялогу паміж усімі зацікаўленымі жыхарамі горада.

Альбо серыя публікацый пра асаблівых людзей. Пасля некаторыя героі пазнаёміліся паміж сабой афлайн, а некаторым дапамаглі зусім нечаканыя асобы.

Каб трапіць на старонкі “Газеты Слонімскай”, шмат высілкаў прыкладаць не трэба. Мікіта Пастухоў расказаў, што рэдакцыя рэагуе і на званкі, і на лісты, і на паведамленні ў сацыяльных сетках, і на асабістыя кантакты журналістаў. Галоўнае — не імкнуцца маніпуляваць і не расказваць непраўдзівую інфармацыю.

Штогод журналісты “ГС” удзельнічаюць у валанцёрскай акцыі “Зробім!”. Праўда, апошні раз ніхто з чытачоў не адгукнуўся. Дзве аўтаркі газеты з сябрамі прыбралі бераг возера.

Рэдактар “Hrodna.Life” Аляксей Шота пацвярджае, што на “крымінал” клічуць часта. Аднак на гарадзенскім сайце такія навіны амаль не з’яўляюцца.

“Мы стараемся такога не даваць. І так усе ведаюць, што ўсё дрэнна… Як мага менш здарэнняў, ДАІ, мянтоў і чыноўнікаў. Такая наша палітыка”, — расказвае Аляксей.

Яшчэ паўгода таму “Hrodna.Life” называўся “Твой Стыль”. Медыя нарадзілася ў віры дзейнасці грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці Сектар”.

“Валанцёрства, актывісты, культура — гэта нікому не трэба. Яны заўжды будуць чытацца горш за, напрыклад, артыкул пра хлопца з татуіроўкай на твары. Гэта самы папулярны тэкст пасля змены назвы. Каля 5000 тысяч праглядаў — для нас пакуль што рэкорд”, — кажа Аляксей Шота.

Аднак місія сайта (не было б гэта дзіця НДА) вымагае асвятляць грамадска-карысныя справы гарадзенцаў. Фарматы для гэтага тут выдумляюць больш крэатыўныя: навіны пра факт адкрыцця выставы не праходзяць.

У прэзентацыі Аляксей расказаў пра некаторыя выпадкі, калі публікацыі на “Hrodna.Life” рэальна паляпшалі жыццё героя альбо нават усяго горада.

Адзін карэспандэнт даведаўся, што беспрацоўныя ў Цэнтры занятасці займаюць чаргу а 4-й раніцы, бо не паспяваюць цягам дня прайсці працэдуру рэгістрацыі. Пайшоў да дырэктара, аднак там інфармацыі не пацвердзілі. Ён сам прыехаў да ўстановы пасярод ночы і сфатаграфаў, як людзі ўжо чакаюць яе адкрыцця. Праз пару дзён у абласной газеце з’явілася паведамленне: Цэнтр занятасці працуе даўжэй і без абеду.

Тэма шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліцаў абмяркоўвалася гісторыкамі вельмі даўно. Каманда “Hrodna.Life” стварыла адпаведную петыцыю на petitions.by, а на паседжанне тапанімічнай камісіі прынесла свой варыянт таблічкі. Праўда, быў абраны іншы, аднак вынік можа пабачыць кожны.

У прыватны музей Януша Паруліса пасля публікацыі пра продаж калекцыі нехта ахвяраваў грошы на наступны ж дзень.

 IMG_1303

Аўдыторыя, якая аб’яднае інтарэсы ўсіх

Легендарная асоба, гарадзенскі Хэмінгуэй Януш Паруліс, прысутнічае ў зале. Ён расказаў, што тады першы чалавек прыйшоў да яго а палове дзявятай раніцы. Пасля цягам двух дзён да яго заходзілі незнаёмыя альбо колішнія наведнікі музея з рознага кшталту дапамогай.

Чаму людзі, чытаючы артыкулы ў СМІ, робяць гэта? У чым інтарэс мала знаёмых асабіста з героем артыкула несці яму малую ці вялікую частку сваіх грошай, часу, талентаў?

З залы гучыць меркаванне пра патрэбу ў самарэалізацыі, ідэйныя перакананні і альтруізм.

“Я вельмі хацела б памыляцца. Мне падаецца, журналісты прыходзяць не для таго, каб дапамагчы хвораму дзіцяці, а каб адпрацаваць інфанагоду”, — дадае лыжку дзёгцю дырэктарка “Гродзенскага дзіцячага хоспіса” Вольга Шульга.

Яе падтрымлівае лідар “Аховы птушак Бацькаўшчыны” Зміцер Вінчэўскі:

“Журналісты проста лянівыя. У мяне бывае ціха-ціха. Адзін нехта напіша — і пачынаецца! Званкі адусюль!”

Юлія Каляда дадае, што ёй ў гродзенскіх СМІ бракуе распрацаваных тэмаў, як у тым жа “CityDog”, бо ў асноўным усе ганяюцца за навінамі, праглядамі, лайкамі.

За калег заступаецца рэдактар часопіса пра Мінск Сяргей Сахараў, які ўвесь гэты час быў на скайп-сувязі.

“На жаль, журналісты самі трапляюць у гэтую пастку. Метрыкі дазваляюць паглядзець, куды заходзілі наведнікі. Гэта не галоўнае. Галоўнае — як прачытаюць і як зрэагуюць. У нас былі выпадкі, калі праглядаў было мала, а фідбэкі добрыя. Напрыклад, чытачы дапамаглі назбіраць на выданне кніжкі “Праз люстэрка і што ўбачыла там Аліса” па-беларуску”, — расставіў акцэнты ў паводзінах юзераў Сяргей.

Для “CityDog” дзейная рэакцыя на закранутую праблему важнейшая за матэматычны ахоп аўдыторыі. Гэты аргумент не вычарпаў назапашаных крыўдаў з абодвух бакоў. У бок СМІ чуваць прэтэнзія, што ў пагоні за хуткімі артыкуламі, яны не ствараюць пазітыўны вобраз грамадскіх арганізацый і актывістаў.

Сяргей Сахараў праз гучную сувязь ледзь не перарывае спікера:

“Журналіст па-за гульнёй. Мы не мусім ствараць вам добры ці дрэнны імідж. Імідж вы ствараеце самі — працай. Мы пра гэта толькі расказваем. Іншая справа, як мы артыкулюем праблемы. Калі журналіст мала цікавіцца вашай важнай справай, дапамажыце яму разабрацца. Пакажыце, што праблема насамрэч закранае шмат людзей. Тады добры рэдактар абавязкова павінен адгукнуцца”.

Спрэчка пра рознасць інтарэсаў, здавалася б, магла працягвацца яшчэ доўга… Хоць відавочна, што актывізм можа быць выгадны ўсім. У прэзентацыі Сяргея Сахарава, як і на ўсіх папярэдніх прэс-клубах, рабілася ўвага на т. зв. крэатыўным класе. Часопіс працуе перадусім на людзей, “якія не хочуць быць савецкімі ў дрэнным сэнсе гэтага слова”. У такой аўдыторыі гісторыі пра неабыякавасць, валанцёрства вельмі запатрабаваныя, бо для іх удзельнічаць у жыцці свайго пад’езда, дома, двара, горада — норма.

IMG_1380

Рэдактар “Hrodna.Life” Аляксей Шота пагадзіўся, што такі клас паволі фармуецца і ў Гродне:

“У абласных цэнтрах гэта ўжо заўважна. Мы цяпер знаходзімся ў клубе “Партал”. Такіх пляцовак 5 год таму не было. Загубленая культура кавярняў вяртаецца. Аб’ектыўным чынам стрымлівае развіццё большая беднасць рэгіёнаў, уцечка мазгоў. І разам з тым праз сваю перадусім аўтарскую працу мы выхоўваем такога чытача”.

Калі працэс пойдзе далей, ёсць шанцы, што журналісты і НДА перастануць крыўдзіцца адно на аднаго праз неразуменні. У першых натуральным чынам з’явіцца дастаткова чытачоў, якім як паветра (а то і болей) стануць неабходныя натхняльныя прыклады: як можна тут і цяпер самому ці з купкай аднадумцаў палепшыць сваё і гарадское жыццё. А ў другіх будзе дастаткова прыхільнікаў, якія змогуць падтрымліваць грамадска-карысную актыўнасць словам, справай ці рублём.

Хрысціна Марчук

Фота Аляксандра Саенкі


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика