07.02.2017 | Абмяркоўваем культуру Кірмаш праектаў Культура на галоўнай Навіны "Будзьма!" Разам да справы! Ствараем культуру

Крэатыўныя жыхары Бабруйска зробяць свой горад лепшым

Прайшло крыху больш за месяц, як Бабруйск стаў сталіцай, новай культурнай сталіцай Беларусі. І горад кіпіць ідэямі і абмеркаваннямі, што б такога зрабіць адметнага, каб гэты год зрабіўся штуршком для росквіту культурнага жыцця.

pieramozcy

Адной з такіх падзеяў напрыканцы студзеня стаў Кірмаш праектаў, які аб’яднаў аўтараў культурніцкіх ідэй, экспертаў, крытыкаў і іншых зацікаўленых дзеля прэзентацыі сваіх задумаў шырокай публіцы. Два тыдні пасля працягвалася галасаванне за найлепшыя праекты, і вось нарэшце пераможцы вызначаныя экспертнай радай са складу прадстаўнікоў кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Цэнтра даследавання грамадскага кіравання SYMPA.

Папярэднічала Кірмашу праектаў ток-шоў “Бабруйск: якім мы хочам бачыць свой горад?”, з якім кампанія “Будзьма!” была тут увосень. Якраз вельмі актыўная дыскусія мясцовых жыхароў падчас яго прадэманстравала, што гораду бракуе новых ідэяў, свежых падыходаў, каб з “бабрынай сталіцы” стаць сапраўды сталіцай культурнай. І таму на прапанову рыхтаваць свае ідэі да Кірмашу жыхары горада адгукнуліся вельмі ахвотна.

Уласна Кірмаш праектаў праходзіў у тры этапы: збор праектаў, публічная прэзентацыя і адбор ужо гатовых да рэалізацыі ідэй. Цягам першых двух этапаў былі адабраныя і прадстаўленыя на шырокае абмеркаванне 11 цікавых і абсалютна розных задумаў. Значнасць кожнай з іх для саміх бабруйчан ацанілі прысутныя падчас публічнай прэзентацыі і праз наш паблік у сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. Вось вынікі:

Аддайце свой голас за найбольш важны на вашую думку і магчымы ў рэалізацыі праект

  • “Вечарынка: народныя танцы ў Бабруйску” (аўтары Юлія Літвінава, Зміцер Мурашка) (478 галасоў)
  • “Люстэрка” (аўтар Таццяна Пукала) (433 галасоў)
  • “Сінагога на Чангарцы” (аўтар Алег Красны) (298 галасоў)
  • “Малавядомы і міфічны Бабруйск” (аўтар Алеся Лацінская) (162 галасоў)
  • “Культурны 3.0 Бабруйск” (аўтары Наталля Халанская, Аліна Рудзіна) (113 галасоў)
  • “Галубка” (аўтар Вольга Сілівончык) (73 галасоў)
  • “Варта гонару!” (аўтар Віталь Мурашкевіч) (32 галасоў)
  • “Помнік Алесю Адамовічу” (аўтар Андрэй Архіпенка) (29 галасоў)
  • “Адкрый горад!” (аўтар Людміла Кіслёнак) (23 галасоў)
  • “Гарадзкая віктарына” (аўтар Дзен Носаў) (13 галасоў)
  • “Вуліцы Бабруйска: мінулае і сучаснае” (аўтар Святлана Васіленка) (6 галасоў)

Разам галасоў: 1,660

Loading ... Loading ...


Прагаласавалі 245 чалавек

Экспертная рада з прадстаўнікоў кампаніі “Будзьма беларусамі!” і SYMPA таксама ацаніла прапанаваныя ідэі. 8 з іх, на думку рады, ужо цалкам гатовыя да здзяйснення, і каманда кампаніі “Будзьма!” гатовая дапамагаць з іх рэалізацыяй:

1. “Адкрый горад!” (аўтар – Людміла Кіслёнак) – серыя паштовак пра Бабруйск, намаляваных жыхарамі горада.

2. “Малавядомы і міфічны Бабруйск” (аўтар – Алеся Лацінская) – серыя сувенірных паштовак, якія прэзентуюць Бабруйск па-новаму.

3. “Культурны 3.0 Бабруйск” (аўтары – Наталля Халанская, Аліна Рудзіна) – серыя рэгулярных сустрэчаў, скіраваных на паляпшэнне культурнага і грамадскага жыцця Бабруйска.

4.“Галубка” (аўтары – Вольга Сілівончык, Ганна Федарэвіч) – дабрачынны праект у падтрымку хворых дзяцей Бабруйска праз культурны адпачынак новага тыпу.

5. “Вечарынка: народныя танцы ў Бабруйску” (аўтары – Юлія Літвінава, Зміцер Мурашка) – мажлівасць далучыцца да традыцыйнай культуры праз танец і супольны адпачынак.

6. “Гарадская віктарына” (аўтар – Дзен Носаў) – інтэлектуальныя гульні як папулярны сродак баўлення часу і самаадукацыі.

7. “Сінагога на Чангарцы” (аўтар – Алег Красны) – добраўпарадкаванне тэрыторыі рэшткаў будынка старой сінагогі і стварэнне культурна-гістарычнай пляцоўкі.

8. “Вуліцы Бабруйска: мінулае і сучаснае” (аўтар – Святлана Васіленка) – мабільны дадатак з дапамогай тэхналогій дапоўненай рэальнасці.

З кожным з аўтараў гэтых праектаў наўпрост працягне камунікацыю прадстаўнік кампаніі “Будзьма!”.

Астатнія тры ідэі таксама высока ацэненыя і самімі бабруйчанамі, і экспертнай радай. Але пакуль гэта толькі ідэі, якія варта дапрацоўваць. І ў гэтым каманда кампаніі “Будзьма!” таксама гатовая аказаць дапамогу.

1. “Помнік Алесю Адамовічу” (аўтар – Андрэй Архіпенка) – помнік вядомаму пісьменніку, літаратуразнаўцу і грамадскаму дзеячу ў г.п. Глуша (Бабруйскі р-н).

2. “Варта гонару!” (аўтар – Віталь Мурашкевіч) – кніга нарысаў пра выбітных бабруйчан.

3. “Люстэрка” (аўтар – Таццяна Пукала) – тэатральная арт-лабараторыя.

Лістуйце нам на razam@budzma.org.

А ўсім чытачам сайта нагадваем, што “Кірмаш праектаў” – гэта месца, дзе збіраюцца аўтары, крытыкі, партнёры. Удзельнікі Кірмашоў знаходзяць тут самую розную падтрымку: сяброў і аднадумцаў для каманды, партнёраў і фундатараў, якія гатовыя дапамагчы ў рэалізацыі. Не ўпускайце свае шанцы праз удзел у Кірмашах праектаў з ідэі зрабіць адметную падзею.

Разам да справы!


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика