Шэраг мерапрыемстваў, арганізаваных Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, адбыўся 21 і 22 лютага ў Брэсце ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Падчас круглага сталу, прысвечанага праблемам захавання гісторыка-культурнай спадчыны Брэста, 21 лютага з дакладам выступіў старшыня таварыства Антон Астаповіч. Падставовая часткаягонай прамовы канцэнтравалася вакол планаў афіцыйных уладаў па рэканструкцыі Брэсцкай крэпасці. Па словах Антона Астаповіча, падобная рэканструкцыя можа нанесці значную шкоду помніку, паколькі для яе ажыццяўлення не было здзейснена неабходных даследаванняў, што ў выніку можа прывесці да разбурэння самай старадаўняй часткі пабудовы.
Яшчэ адна ўдзельніца круглага сталу, вядомы спецыяліст па брэсцкай спадчыне, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская прысвяціла свой выступ праблеме ўзвядзення помніка з нагоды 1000-годдзя Брэста. Па яе словах, макет помніка выклікае вялікія спрэчкі ў грамадстве. Гэтта датычыцца перадусім тых яго частак, якія выяўляюць постаці лейтэнанта Кіжаватава, ваеннага лётчыка Мікалая Карвата, а супраць асобы караля Ягайлы і яго змяшчэння на помніку выступіла праваслаўная царква Беларусі.
Наступным днём, 22 лютага, у відэазалі кінатэатра “Беларусь” адбыліся прэзэнтацыя і паказ кінафільма студыі “Брэнтстар” “Палякі”. На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў Брэсцкай вобласці і шэрагу польскіх арганізацыяў. Падчас імпрэзы Ігар Лялькоў прэзентаваў кампанію “Будзьма!”.
Самыя вялікія заўвагі і неадназначнае стаўленне да сябе выклікалі сцэнар кінастужкі і відэашэраг. Менавіта яны сталі галоўнай тэмай дыскусіі, якая развязалася непасрэдна пасля прагляду кінафільму.
Кінастужка “Палякі” ўжо была афіцыйна прэзентаваная ў Мінску, Гродна, Ваўкавыску і іншых гарадах Беларусі. Фільм распавядае пра жыццё польскай нацыянальнай меншасці ў сучаснай Беларусі і падымае праблемы, выкліканыя расколам Саюзу палякаў у 2005 годзе.