28 лістапада ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася творчая сустрэча барда Таццяны Беланогай з вучнямі 209 сярэдняй школы г. Мінска, на якой прысутнічалі вучні сямі класаў старэйшай школы.
Апошнія восеньскія дні сама прырода натхняла на роздумы. Таму на канцэрце гучалі песні-разважанні на філасофскую тэму: “Я веру ў любоў”, “Метро” , “Да цябе”.
Таццяна абвясціла конкурс на лепшае прачытанне верша на беларускай мове і паказала прызы, якія дастануцца пераможцам. Пасля гэтага некалькі слухачоў пераселі з апошніх шэрагаў на першы, бліжэй да прыгожых узнагарод. Самыя смелыя чыталі вершы беларускіх паэтаў на памяць і атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” . Багдан, Ліза, Наста паказалі свае таленты напоўніцу і заля падтрымала іх апладысментамі.
Вучні слухалі песні вельмі ўважліва, заля заціхала падчас выканання твораў. Было такое адчуванне, што кожны акорд і слова яны разумеюць і прымаюць як свае ўласныя.
Падчас выступу Таццяна выканала творы на вершы Яўгеніі Янішчыц, выбітнай беларускай паэткі. Перад тым, як выконваць песні, Таццяна запыталася ў слухачоў, хто ведае альбо чытае паэзію Янішчыц. Паднялася адна рука. Хаця, як аказалася пасля, шмат хто вучыў яе вершы на памяць, а вось імя паэткі не запомнілі. Думаю, пасля канцэрту імя і паэзія Яўгеніі Янішчыц запомняцца маладым беларусам.
Напрыканцы сустрэчы мы ўсе разам глядзелі мультфільм “Будзьма беларусамі!”, пасля прагляду якога раздаліся гучныя апладысменты.
Прагучала заключная песня, прагучалі словы падзякі арганізатару мерапрыемства спадарыне Вользе. Пасля выступу падыходзілі дзяўчаты і хлопцы, каб выказаць ураджанні ад канцэрту.
Як добра, што мы разам, што ў нас ёсць агульная гісторыя і прыгожая паэзія! Менавіта гэта робіць нас унікальнымі!