17 кастрычніка ў бібліятэцы прафесійнага ліцэя горада Лунінца, што ў Брэсцкай вобласці, у межах кампаніі “Будзьма” прайшла творчая сустрэча беларускіх паэтаў, пачынаючых маладых літаратараў і сябраў шматлікіх беларускіх літаратурных арганізацыяў. Сустрэча адбылася пад кіраўніцтвам сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Вадзіма Жылкі і старшыні творчага клубу “Муза” Віктара Філатава. Яна аб’яднала пад адным дахам аўтараў як ужо пазначанага вышэй клубу “Муза”, так і іншага лунінецкага творчага калектыву “Натхненне”.
Па словах Вадзіма Жылкі, па сваім фармаце сустрэча хутчэй нагадвала круглы стол, прысвечаны абмеркаванню сучаснай літаратурнай прасторы краіны. Арганізатары падкрэслілі важнасць і актуальнасць такіх творчых мерапрыемстваў, як “Дні беларуска-шведскай літаратуры” і літаратурны фестываль “Каласавіны”, што ладзіцца ў гонар беларускага пісьменніка Якуба Коласа, і заклікалі маладых літаратараў да актыўнага ўдзелу ў іх. Падчас сустрэчы была таксама прэзентаваная кампанія “Будзьма”.
Наступная сустрэча, запланаваная лунінецкімі пісменнікамі, будзе мець больш масавы характар. На яе, акрамя саміх прадстаўнікоў літаратурна-творчай эліты вобласці, будуць запрошаныя і ўсе тыя, хто цікавіцца развіццём айчыннай літаратуры.