Пісьменнік, паэт, аўтар вядомых кніжак для дзетак “На арэхавым кані”, “Мянтуз сярод мядуз”, Анатоль Зэкаў правёў тры літаратурныя сустрэчы са школьнікамі сталічных школ: №6б, 129 і гімназіі №16. Усе сустрэчы былі прымеркаваныя да святкавання “тыдню беларускай мовы”, які быў абвешчаны ва ўсіх трох навучальных установах, і ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма!”.
“Мяне парадавала ідэя правядзення ў школах тыдню беларускай мовы. Прыемна было бачыць, што дзверы кабінетаў школы ўпрыгожваюць аркушы з вершамі беларускіх паэтаў”, – зазначыў Анатоль Зэкаў.
У сярэдняй школе №66 паэт выступаў перад вучнямі малодшых класаў, якім прэзентаваў сваю новую кнігу рыбацкіх скорагаворак “Мянтуз сярод мядуз”. “Пасля прыйшлося прывозіць дадатковыя асобнікі кнігі, бо ў дзень сустрэчы на ўсіх жадаючых кніг не хапіла, хаця я прывёз каля 40”, – паведаміў паэт.
У планах Анатоля Зэкава яшчэ шмат творчых літаратурных сустрэчаў. У бліжэйшай будучыні ён мае намер сустрэцца з маладымі гамельчанамі.
Фота з сайта litbel.org