Паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін правялі 30 студзеня дзве творчыя сустрэчы: у Мінскім медыцынскім каледжы і Мінскім каледжы швейнай вытворчасці.
“Што агульнага паміж медыцынай і паэзіяй? Прызванне паэтаў і лекараў лячыць душы людзей. Бо яшчэ Піфагор заўважыў:”Няма ў цябе, чалавек, нічога акром душы…”, – з такіх разваг пачаў свой выступ перад навучэнцамі медкаледжу намеснік старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў, паэт і бард Эдуард Акулін.
Леанід Дранько-Майсюк у сваю чаргу нагадаў будучым медыкам, што доктар лекарскіх навук Францішак Скарына пісаў вершы і выдаваў першыя беларускія кнігі…
“Абедзве сустрэчы прайшлі яскрава, запамінальна, па-сямейнаму ўтульна і цёпла, – адзначыў Эдуард Акулін. – Гэтаму спрыялі і памятныя прызы і сувеніры ад кампаніі “Будзьма”, які мы ўручылі самым актыўным удзельнікам сустрэч”.