“Ад Светлагорска да Брэста”
Насычаным у літаратурным плане атрымаўся мінулы тыдзень для паэтаў Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна.
У Светлагорску 3 лютага яны правялі тры творчыя сустрэчы: у Светлагорскай школе № 12, у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы і ў Светлагорскім індустрыяльным каледжы.
Як зазначыў Эдуард Акулін, яму асабліва запомнілася сустрэча ў школе № 12, самай новай і вялікай у Светлагорску. “Такая школа — адзіная ў Беларусі. Яна адметная як сваім вонкавым выглядам — збудавана па адмысловым праекце, — так і інтэр’ ерам: у школе ёсць прасторная бібліятэка, кабінет псіхалагічнай рэлаксацыі, зімовы сад…” — адзначыў ён. Акрамя вучняў школы, удзел у сустрэчы ўзялі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Светлагорскага раёну.
Разам з Анатолем Вярцінскім 4 лютага Эдуард Акулін выступіў у Мінскай дзіцячай бібліятэцы № 6. Акрамя гаворкі пра сучасную беларускую літаратуру, паэты прэзентавалі 37 нумар часопіса “Дзеяслоў”, у якім змешчана п’еса Анатоля Вярцінскага “Высокі госць”.
5 лютага Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка сустракалі прыхільнікі беларускай паэзіі і песні Брэста. У горадзе над Бугам прайшлі выступы ў бібліятэцы “Юнацтва”, у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Пушкіна і ў абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага. Усе сустрэчы адбыліся, не зважаючы на абвешчаны ў некаторых школах Брэста каранцін.
Як і мінулым разам, на ўсіх трох імпрэзах прысутнічалі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, карэспандэнты абласнога друку і мясцовае тэлебачанне.
“Ад Мінску да Пінску”
Шлях у 650 кіламетраў пераадолелі Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк 10 лютага, каб наведаць маладых беларусаў з розных навучальных установаў “у глыбі Палесся”.
“Гэта было таго варта. Бо ні ў Пінкавіцкай сярэдняй школе, ні ў сярэдняй школе вёскі Гарадзішча дагэтуль ніколі не праводзіліся сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Цяпер такая традыцыя закладзеная”, — адзначыў Эдуард Акулін.
Абедзве імпрэзы прайшлі пры аншлагу. На развітанне сталічныя госці паабяцалі наведваць палескую глыбінку часцей.
Фотаздымкі з паэтычнай вандроўкі: