Давайце ўспомнім, якія скульптуры і помнікі мы бачым на вуліцах нашых гарадоў. Ленін? Гэта зразумела. А яшчэ? Мядзведзі, лісіцы? Якіх нацыянальных герояў з нашай мінуўшчыны і сённяшніх дзён, якія сэнсы – гістарычныя, культурныя, сацыяльныя – мы ўвасабляем у нашых публічных прасторах? Адказы шукалі на публічнай дыскусіі “Культура памяці і яе скульптурнае ўвасабленне ў гарадской прасторы”, якую кампанія “Будзьма беларусамі!” зладзіла супольна з музеем-майстэрняй З. Азгура.
“Нашай гарадской скульптуры не стае малых формаў і разнастайнасці, – даваў сваю характарыстыку сённяшняга стану мемарыялізацыі гарадской прасторы ў Беларусі гісторык Аляксей Братачкін. – У нас захаваўся культ савецкай эпохі, яе стыль – нават помнікі ахвярам Чарнобыля выкананыя ў той самай манеры, што і помнікі Другой сусветнай вайне. А ў нашай культуры надзвычай шмат пластоў, якія ніяк не адлюстраваныя ў гарадскім асяроддзі, напрыклад, у Мінску ўпушчаныя надзвычай цікавыя моманты – міжваенны Мінск, габрэйскі Мінск, ёсць імперскі Мінск, Мінск польскі”.
“Калі мы абмяркоўваем культуру памяці, то варта заўважыць, што вектар нашай культуры заўжды скіраваны ў мінулае, – кажа сацыяльны антраполаг Генадзь Сівохін. – Нам не стае сучасных аспектаў, асэнсавання падзей і працэсаў, якія адбываюцца ў нашым грамадстве цяпер”.
“Людзі хочуць “гуманізацыі” гарадскіх помнікаў. – мяркуе скульптар Канстанцін Селіханаў. – Людзі хочуць наўпростай асацыяцыі з сабой, і гэта зразумела”.
Фігуратыўная скульптура – ці не дастаткова?
Згадайце: калі трапляеш у Еўропу, у вочы кідаюцца авангардныя скульптуры – менавіта яны прывабліваюць болей за класічныя «фігуратыўныя». Чаму ж у Беларусі такіх скульптур амаль няма?
Чаму ў нас няма звычайнай забавы ў скульптуры, разважае скульптар Канстанцін Мужаў: “Таму што звыклыя, фарматныя скульптуры больш выгадныя як скульптару, так і дзяржаве. Калі ў Віцебску ставяць помнік Альгерду, то можна здагадацца, якім ён будзе. У нас ёсць скульптары-абстракцыяністы, але іх працы не так запатрабаваныя”.
“Неяк я звярнуўся да шкалы цэнаў Саюза мастакоў, – расказвае Канстанцін Селіханаў. – Найлепшыя расцэнкі – на фігуратыўныя скульптуры, там пералічаныя ўсе варыянты, нават фігуры баброў і тушканчыкаў. З іншага боку, тэндэнцыі станоўчыя прысутнічаюць – вось паставілі вішню ў Глыбокім. Яна, канечне, яшчэ не абстракцыя, але ўжо і не “тушканчык”. Тут трэба зразумець, што чалавек, які замаўляе скульптуру, найчасцей разлічвае менавіта на фігуратыўнасць. Аднак трэба заўважыць, што ў нас проста няма экспертаў па мастацтве, якія маглі б кансультаваць таго самага заказчыка, як робіцца, напрыклад, у ЗША”.
Праблема таксама і ў тым, што адзіны замоўца гарадскіх помнікаў – дзяржава, а людзі, якія за гэта адказваюць, падуладныя тым самым стэрэатыпам, што і папярэднія пакаленні.
“Мы спадзяемся, што зменіцца пакаленне, і гэтымі пытаннямі будуць займацца людзі, якія ўспрымаюць не толькі класічныя савецкія парадыгмы”, – кажа архітэктар Анастасія Андруковіч.
“Да таго ж нашыя навучальныя ўстановы рыхтуюць у першую чаргу не мастака, а майстра, – кажа Канстанцін Мужаў. – То бок уменне працаваць прафесійна рукамі мае першаснае значэнне. Зразумела, мастацтва ад гэтага пакутуе”.
Новыя формы – ці можам мы пераасэннсаваць “класіку”?
Ад савецкіх помнікаў на вуліцах горада нам нікуды не падзецца, прынамсі ў найбліжэйшы час. А што мы можам зрабіць для гарадской прасторы самі?
“Сучасны помнік – гэта змена парадыгмы, – мяркуе Сцяпан Стурэйка. – Гэта не “падарунак зверху ад уладаў”, гэта не помнік, які патрабуе пэўнай буфернай зоны. Урэшце, гэта помнік, які яднае людзей”.
Як прыклад спадар Стурэйка прыводзіць праект сеткавага манументу “камень спатыкнення”, створаны мастаком Гюнтэрам Дэмінгам. Сам помнік – гэта невялікі камень у ходніку, на якім адбітае імя ахвяры нацызму і які ўсталёўваюць перад домам, дзе забіты чалавек жыў. Здавалася б, што ў такой ідэі арыгінальнага? Даступнасць па цане (каштуе такі брусок 120 еўра) і магчымасць далучыцца для кожнага ахвотнага да гэтай акцыі памяці. У выніку праект стаў усееўрапейскай акцыяй, такіх персанальных мемарыялаў у свеце налічваецца сорак тры з паловай тысячы. І калі ў іншым горадзе чалавек бачыць такі самы брусок, то разумее, што па ўсім свеце існуюць людзі, якія ставяцца да гістарычнай памяці гэтак жа, як ён. Атрымліваецца, што помнік яднае абсалютна розных людзей.
Іншы падыход – асваенне ўжо вядомых манументаў.
“Напрыклад, ёсць помнік савецкай арміі ў Сафіі, – расказвае спадар Стурэйка. – На помніку ёсць класічны для савецкай манументалістыкі батальны барэльеф. З 2011 года яго перыядычна размалёўваюць фарбай, якая лёгка змываецца, і помнік набывае абсалютна новае значэнне”.
Савецкія вайскоўцы ў Сафіі ўжо паспелі пабываць і героямі амерыканскай поп-культуры, і сімвалам украінскага пратэсту. Наколькі такі падыход мае права на існаванне і ці не вандалізм гэта?
Меркаванні ўдзельнікаў дыскусіі падзяліліся.
“Мне падаецца, што такое пераасэнсаванне – гэта ў першую чаргу спроба заехаць на тэрыторыю Эндзі Уорхала без паглыблення ў мастацтва, – мяркуе Канстанцін Селіханаў. – Ёсць іншыя падыходы, ведаеце, як стварылі помнік Халакосту ў Германіі? Проста на аўтабане, дзе хуткасць дзвесце кіламетраў на гадзіну, праз пэўны прамежак стаяць знакі, якія паступова зніжаюць хуткасць да дваццаці. Вось гэта сапраўды новая, цікавая форма”.
“Ёсць яшчэ адзін спосаб, – расказвае Аляксей Братачкін. – Ва Украіне цяпер апранаюць помнікі ў вышыванкі: уявіце Леніна ў вышыванцы. І гэта ўжо не нагадвае вандалізм. Урэшце, помнік Леніну – не прычына няшчасцяў, то бок варта проста надаць яму новы, хай і незвычайны кантэкст”.
Скульптура як турыстычны аб’ект – што цікава замежнікам?
Турыстычны аспект тэмы закрануў прафесійны гід Зміцер Марозаў: “Прынята скардзіцца, што ў Мінску не стае аб’ектаў візуалізацыі. Маўляў, горад быў знішчаны, расказаць можна шмат, а вось з “паказаць” узнікнуць праблемы. Насамрэч аб’ектаў надзвычай шмат. Тыя ж скульптуры спадара Жбанава – цалкам нейтральныя вобразы, якія ажыўляюць гарадскую прастору, і яны разлічаныя хутчэй на турыстаў, якія гуляюць па горадзе, але з гісторыяй горада іх звязаць надзвычай складана. Што да скульптуры, якая адносілася б да гісторыі, то апошнім часам з’явіліся выдатныя прыклады – помнік мінскім дойлідам ці помнік на плошчы Свабоды, прысвечаны атрыманню Магдэбургскага права. На расійскіх турыстаў гэта робіць вялікае ўражанне – аказваецца, ў Беларусі былі невядомыя ім моманты ў гісторыі, якіх у Расіі ніколі не было”.
Іншы бок сітуацыі: наколькі нашыя гістарычныя помнікі адпавядаюць гістарычнай праўдзе? Ці не будзе гэта прыгожым, але ўсё ж такі падманам, псеўдагісторыяй? Як стваралася калісьці Траецкае прадмесце: па сярэднееўрапейскім узоры. З іншага боку, а ці можна ігнараваць тыя бакі гісторыі, дакладнага апісання якіх няма? Маскоўскі помнік Мініну і Пажарскаму таксама створаны не на дакументальных партрэтах. Тым не менш ён стаў адной з галоўных славутасцяў горада. Магчыма, тут важна проста правільна паставіць акцэнт?
Сустрэча толькі падкрэсліла неабходнасць рэгулярнага адкрытага абмеркавання пытанняў мемарыялізацыі гарадской прасторы, новых тэндэнцый і акрэслення неабходнай культурнай палітыкі ў гэтай сферы ці грамадскага запыту да ўзнікнення такой палітыкі. Такой пляцоўкай ужо цяпер можа стаць мемарыяльны музей-майстэрня імя З. Азгура, які рэалізуе многія інтэрактыўныя практыкі са сваёй аўдыторыяй. Праўда, аўдыторыя гэтая сёння складаецца збольшага з дзяцей, а праз знікненне прадмета сусветнай мастацкай культуры са школьнай праграмы працаваць з юнымі наведнікамі сапраўды цяжка. Галоўнай жа высновай з прадстаўленага і сказанага можна лічыць безліч сучасных спосабаў адлюстраваць значныя для грамадства гістарычныя і культурныя каштоўнасці. І, што ўсё больш актуальна і ў нашай інертнай па грамадскай рэакцыі Беларусі, рухацца трэба ў бок творчага пераасэнсавання, інтэрактыўнасці, узаемадзеяння паміж прасторай і людзьмі. А пачынаць можна з малых уласных крокаў.
Юрась Ускоў
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч, журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
___________________________________________________________________________________________________
Cцяпан Cтурэйка – Сеткавыя манументы – ад назірання да ўдзелу
___________________________________________________________________________________________________
Алена Крэнь – Новыя формы працы з музейнай аўдыторыяй па прэзентацыі беларускай скульптурнай школы