Паэтэса Вера Буланда выступіла перад студэнтамі лінгвістычнага каледжа г. Мінска 17 красавіка 2017 года.
Звярнуўшы ўвагу ў пачатку свайго выступу на плакаты “500-годнасць кнігадруку”, спадарыня Буланда падкрэсліла важнасць і значнасць працы і жыцця нашага земляка Францыска Скарыны. “Не меншымі гордасцю і гонарам мы перапаўняемся, – далей прамаўляла паэтэса, – калі прыгадваем нашых песняроў Янку Купалу і Якуба Коласа”.
135-годдзе славутых мастакоў слова адзначе наша грамадскасць ў гэтым годзе. І, вядома, кожны беларус яшчэ са школьнай праграмы ведае купалаўскае “што чалавек я, хоць мужык”. А з цягам часу паэт смела на ўвесь свет заявіў у патрыятычным вершы “А хто там ідзе?”, што беларусы маюць права “Людзьмі звацца!”
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
Беларусы.
……………………………………..
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
Людзьмі звацца.
Студэнты таксама прыгадвалі вершы, паэмы, п’есы Янкі Купалы, адказвалі на пытанні Веры Аляксандраўны, якая, у сваю чаргу, запрасіла выхаванцаў у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі для “сустрэчы з Янкам Купалам” – Дзянісам Паршыным – выканаўцам ролі песняра ў дакументальнай алегорыі “Кругі раю”, дзе кожны глядач атрымае большы досвед з жыцця і творчасці Янкі Купалы, насамрэч, пераканаецца ў яго шчырым прызнанні:
Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла…
………………………
А болей, што там болей
Жадаць ад песняра?
Вера Буланда прачытала напрыканцы сустрэчы і свае вершы. Самых актыўных удзельнікаў яна ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” ўзнагародзіла паштоўкамі “Не маўчы па-беларуску” і камплектам паштовак да святаў.