28 студзеня 1577 г. указам караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя гораду Магілёву было нададзенае поўнае Магдэбургскае права (права на самакіраванне, паводле якога горад атрымліваў эканамічную і пэўную палітычную свабоду і выбіраў з шэрагу грамадзянаў гарадскі магістрат) і першы герб. Дарэчы, той герб значна адрозніваўся ад сучаснага, які быў атрыманы пасля знішчэння ў 1661 г. маскоўскага гарнізона. Пасля тых крывавых падзей горад, які зброяй даказаў сваю годнасць, быў прыраўнаны ў правах да Вільні.
Таму невыпадкова, што менавіта 28 студзеня ў Магілёве пры актыўнай падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі “Чалавек года”. Ініцыятарам мерапрыемства выступіў гарадскі “Грамадскі магістрат” – акадэмічная супольнасць людзей, неабыякавых да лёсу роднага горада, як ахарактарызаваў яго адзін з лідараў руху Дзмітры Салаўёў.
Мерапрыемства адбылося ў папулярнай сярод магілёўцаў антыкавярні (гэта калі плаціш не за выпітую каву, а за час, праведзены ўнутры) “Чердак”.
Прэмія выдавалася ў дзвюх намінацыях: “Падзея года” і “Чалавек года”. Вядоўца, якім па традыцыі быў “чалавек мінулага года” (пераможца 2013 г.), а ў дадзеным выпадку магілёўскі гісторык Ігар Пушкін, растлумачыў прысутным, па якіх крытэрах рабіўся адбор прэтэндэнтаў. Спіс кандыдатаў быў падрыхтаваны метадам навуковага кантэнт-аналізу, які зрабіла група студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. За аснову інфармацыі былі ўзятыя тры асноўныя магілёўскія выданні, а таксама інтэрнэт-рэсурсы. Потым, калі з пераможцаў быў складзены short-list, у адпаведных суполках сацыяльных сетак “Одноклассники” і “Вконтакте”, а таксама на сайце “Грамадскага магістрата” адбылося галасаванне, дзе і былі вызначаныя пераможцы.
Дарэчы, выбіраць было з чаго. Так, у намінацыю “Падзея года” трапілі такія мерапрыемствы, як “Арт-лесвіца” (за шэсць дзён было размалявана 95 прыступак не зусім прывабнай лесвіцы ля ракі Дубравенка); выбары ў моладзевы парламент (пры падтрымцы ЮНІСЕФ); “Давязу задарма” (гэта калі вы проста пасярод горада прапануеце незнаёмаму чалавеку падвезці яго зусім бясплатна); “Ленінская On-line” (планы па пераўтварэнні адной з цэнтральных пешаходных вуліц горада ў цэнтр культурнага жыцця з мастакамі, майстрамі і выставамі); “Мастацтва на колах” (пэўны час па горадзе ездзіў тралейбус, аздоблены карцінамі знакамітага мастака Базыля Камарова); “Тапанімічны маніфест” (маніфест, прапанаваны гісторыкам Аляксандрам Агеевым і падпісаны сотняй выбітных магілёўцаў, паводле якога яны абавязваюцца карыстацца толькі гістарычнымі назвамі вуліц горада, каб праз гэта гарадскія ўлады ўсвядомілі, што перайменаваныя за савецкім часам назвы трэба вярнуць) і інш.
Але нягледзячы на тое, што кожная з гэтых ініцыятываў вартая быць узятай на ўзбраенне ў любым горадзе Беларусі, перамогу атрымаў незвычайны “Дранік-fest”, мерапрыемства, якое адбылося ў мінулым годзе ў этнаграфічнай вёсцы “Зялёны гай”. Тады пры ўдзеле кампаніі “Будзьма беларусамі!”, Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і “Цэнтра гарадскіх ініцыятыў” на адкрытым паветры гучала добрая музыка, ладзіліся майстар-класы па беларускіх народных спевах і танцах, працавалі магілёўскія майстры і, урэшце, гатаваліся бясплатныя дранікі для ўсіх ахвочых. “Асаблівасцю” фэсту, як не пераставалі падкрэсліваць арганізатары, было тое, што ён быў аб’яўлены зонай, свабоднай ад алкаголю (дарэчы, гэта ніяк не паўплывала на колькасць гасцей). Таму перамога гэтага мерапрыемства не выклікала пытанняў ні ў арганізатараў, ні ў гледачоў, ні, як высветлілася, у канкурэнтаў.
Чалавекам года, таксама ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе, быў абвешчаны Юры Стукалаў, каардынатар грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Магілёўскай вобласці, які паўдзельнічаў ледзь не ў палове апісаных вышэй “падзей года”, праявіў вялікую актыўнасць і разгарнуў бурапенную дзейнасць. Карацей, з вынікамі галасавання ўсе прысутныя згадзіліся, і спадар Юры атрымаў дыплом і заслужаныя апладысменты. Пасля ў размове ён сціпла падкрэсліў, што атрымаць такую ўзнагароду яму вельмі прыемна, падзякаваў “Будзьма беларусамі!” за магчымасць ажыццяўляць грамадскія ініцыятывы, а тым, хто хоча ўнесці што-небудзь цікавае ў нашу шэрую штодзённасць і мае пэўныя прапановы, параіў звяртацца ў “Кірмаш праектаў”.
Скончылася мерапрыемства акустычным выступам знакамітага гурта “Akute”. З гэтай нагоды атрымалася паразмаўляць з музыкамі. Пакуль Стас Мытнік звыкла фатаграфаваўся з аматаркамі яго творчасці, Раман Жыгараў у двух словах распавёў пра творчыя планы, новы музычны сезон, тур па яшчэ неаб’езджаных гарадах Беларусі, Польшчы, Чэхіі і краінах Балтыі, а таксама праанансаваў выхад новага альбома. Урэшце закрануў і тэму вечара. Станоўча адазваўся пра намінантаў, але дадаў, што ацэньваць ролю Магдэбургскага права ў гісторыі – справа не яго, а спецыяльных падручнікаў. Але Стас, які неўзабаве вызваліўся і здолеў адказаць на пытанні, адразу ж адзначыў, што Магдэбургскае права – з’ява станоўчая, а пераемнасць пакаленняў – рэч неабходная. Пры гэтым нават згадаў горад на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які Магдэбургскае права атрымаў першым, – Брэст.
Падчас выступу гурта з’явілася думка, якую потым пацвердзілі ў размове і ўдзельнікі калектыву. Зразумела, што некаторыя гледачы, а былі і такія, нічога не чулі ні пра Магдэбургскае права, ні пра “Чалавека года”, а прыйшлі толькі на “Akute”. Але хаця б праз гэта атрымалі магчымасць далучыцца да гісторыі і культуры роднага горада, краіны. Нездарма ўдзельнікі “Тапанімічнага маніфеста” (які, дарэчы, падпісалі і музыкі) за вяртанне гістарычных назваў вуліц узялі сабе дэвізам фразу: “Зрабі сам – і ўсё вернецца”.
Арцём Іваноў
Фота: Марыя Гілёва