14 студзеня Магілёў чарговы раз сустрэў кампанію “Будзьма беларусамі!” гасцінным прыёмам, амбіцыйнымі праектамі і актыўнай публікай. Антыкавярня “Чердак” прапанавала ўтульную атмасферу і смачную гарбату з пернікамі, а ўдзельнікі “Кірмашу праектаў” – дзесяць культурніцкіх ідэй па паляпшэнні гарадскога жыцця. Свята крэатыўнасці, амбіцыйнасці і клопату за культуру Магілёва пачалося!
Працягваючы традыцыю сталічнасці, Улад Ерашоў прапанаваў пазіцыянаванне Магілёва як сталіцы субкультурнай. Цяпер праект уключае ў сябе аднадзённы фестываль субкультурных аб’яднанняў, які ставіць мэтай прэзентацыю іх шырокай публіцы. Скульптар Андрэй Вараб’ёў гатовы ўзяцца за ўпрыгажэнне Тэатральнага скверу, у які цяпер, па словах аўтара, “трошкі сорамна прывесці турыстаў”, фантанам “Рамэа і Джульета”. На прапанову замяніць герояў на беларускія адпаведнікі спадар Андрэй па-філасофску адзначыў: “Каханне жыве паўсюль! Можна і беларускіх Рамэа і Джульету знайсці!” Два праекты прапанавалі сябры “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства”. Марыя Лук’янава расказала пра сёлетні досвед арганізацыі фэсту “Зялёныя святкі” і падзялілася новымі творчымі ідэямі, якія зробяць “свята для тых, хто не любіць шашлыкі і пафас”, яшчэ больш інтэрактыўным, адукацыйным, сямейным і смачным. Ганна Мацкевіч прэзентавала праект “Вячоркі” – серыі вечарын, майстар-класаў і лекцый, прысвечаных традыцыйнай беларускай культуры, падчас якіх кожны зможа ўзяць удзел у рэканструкцыі абрадаў, а таксама навучыцца танцаваць, спяваць і рамеснічаць, як гэта калісьці рабілі нашыя продкі.
Дыскусію выклікаў праект Аляксандра Буракова “Отзывчивые окна” па арганізацыі мастацкіх выставаў у людных месцах горада са скрынкамі для збору грошай пад кожнай працай. Гэткі афлайнавы варыянт like’n’pay, сродкі з якога пойдуць на дабрачыннасць. Пытанне выклікала менавіта фармулёўка “дабрачыннасць”, якая часта ёсць прычынай падатковых ды іншых арганізацыйных праблемаў. Але актыўны дарадчык у справах дыялогу з гарадской адміністрацыяй ды камандантэ арт-праекта “ВМесте” Яўген упэўнена і жорстка адказаў: “Калі сядзець і казаць, што гэта нерэальна, то нічога і не атрымаецца. А я кажу, што рабіў!”.
Праект па стварэнні дадатку для Android “Магілёў для ўсіх” з анлайн і афлайн даведнікам, турыстычным гідам, раскладам транспарту ды іншымі цікавосткамі прапанаваў Аляксандр Лазараў. Вярнуць магілёўцам месца, з якога пачынаўся родны горад, вырашыла Алена Барысава у праекце “Час збіраць камяні”. Мэтай праекта ёсць не рэканструкцыя старажытнага замка, а абрыс перыметральнай яго забудовы брукаванай кладкай, а гэта па сілах кожнаму магілёўцу! Гараджанам прапаноўваецца “збіраць і класці” ў спецыяльныя скрынкі для збору камянёў свае кавалачкі вялікай справы па стварэнні прывабнага гісторыка-турыстычнага аб’екта. Працягам паспяхова рэалізаванага праекта “Паэзія ў метро”, удзельніка мінулагодняга “Кірмашу праектаў”, стала ідэя Алеся Агеева “Мастацтва на колах”. У межах гэтага праекта магілёўцы на сабе адчуюць інтэграванасць культуры ў паўсядзённасць. Уявіце, выходзіце вы раніцай на прыпынак, чакаеце свой тралейбус, а замест яго пад’язджае палац беларускага мастацтва на колах! Замест рэкламы – творы Базыля Камарова ці партрэты Максіма Багдановіча, унутры чытаюцца вершы ці нябачны экскурсавод расказвае пра цікавыя месцы па маршруце. Праект выклікаў толькі адно пытанне: “Чаму тралейбусы? Я на аўтобусах езджу!” і па праве стаў лідарам галасавання.
Вельмі амбітныя ідэі прапанаваў грамадскасці Дзяніс Васількоў. Натхніўшыся святам святла ў Ліёне, Дзяніс прапанаваў гараджанам фестываль “L!gths UP Mogilev”, а таксама прадставіў праект свайго сябра Змітра Ляпейкі “Рытмы горада”, які музыкай аб’яднае ўсіх гараджан. У офісах, крамах, кавярнях, таксоўках і маршрутках цэлы дзень раз на месяц вы чуеце музыку пэўнай тэматычнай ці жанравай скіраванасці, а ўвечары ідзяце на канцэрт гуртоў, што граюць у тым жа стылі. Абяцаюць улічваць і ўзроставую, і густоўную шматграннасць магілёўцаў.
Падчас мерапрыемства пры дапамозе галасаванак гледачы маглі ацаніць усе праекты па дзесяцібальнай шкале ў катэгорыях “Актуальнасць”, “Унікальнасць” і “Магчымасць рэалізацыі”. Традыцыйна найбольш цяжкі крытэр для вызначэння – магчымасць рэалізацыі: аптымістычнасць, песімістычнасць і аб’ектыўнасць у меркаваннях вызначаецца ў поўным спектры адзнак: ад 0 да 10. Такі плюралізм увогуле стаў адметнасцю гэтага “Кірмашу”: усе праекты, за выключэннем “Мастацтва на колах” і “Вячорак”, атрымлівалі і максімальныя, і мінімальныя адзнакі. У будучых “Кірмашах” будзе ўлічвацца таксама “партрэт” рэспандэнта: узрост, пол, сфера дзейнасці.
Дзякуючы актыўнай публіцы кожны аўтар атрымаў канструктыўную крытыку, парады па ўдасканаленні сваёй ідэі, пазнаёміўся з аднадумцамі і, мы спадзяемся, натхніў гледачоў на актыўнасць і крэатыў. Трэба адзначыць, што галоўная праблема аўтараў праектаў у Магілёве – ужо не пошук дыялогу з гарадской адміністрацыяй. Магілёўцы маюць пэўны досвед і не бачаць у гэтым перашкодаў. Нядаўна тут з’явіўся ўласны Цэнтр гарадскіх ініцыятываў, які абяцае падтрымку ў рэалізацыі крэатыўных ідэй. Галоўным пытаннем сённяшняй культурнай супольнасці Магілёва ёсць пошук бізнэс-партнёраў і сродкаў на рэалізацыю распрацаваных, а часам нават ужо ўзгодненых праектаў. Калі вас зацікавіў адзін з прадстаўленых праектаў, вы ведаеце, як і чым можна дапамагчы аўтару ў рэалізацыі, калі ласка, напішыце яму і прапануйце свае ідэі! Усе кантакты, а таксама разгорнутыя прэзентацыі і ацэнкі праектаў глядзіце тут.
“Кірмаш праектаў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – гэта камунікацыйная і адукацыйная пляцоўка для адмыслоўцаў у культуры і грамадскай сферы, людзей з ідэямі, досведам і рэсурсамі для падтрымкі прадстаўленых ідэй. Калі вы маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце ў сваім горадзе, пішыце на [email protected].
Відэарэпартаж пра “Кірмаш праектаў” глядзіце тут.
Старонкі “Кірмашу праектаў” у сацыяльных сетках: vk.com, facebook.com.
Будзьма паляпшаць гарадское культурніцкае жыццё разам!
Лізавета Неўмяржыцкая
Фота: Зарына Кандрацьева