6 кастрычніка ў дзіцячай бібліятэцы Лагойска было весела і шумна. Вучні суседніх школ №1, №2 і №3 завіталі на сустрэчу з сусветна вядомай кароўкай Мамай Му і яе сябрам Крумкачом. У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” тэатрык лялек “Лямцавая батлейка” паказаў спектакль “Хутчэй, Мама Му!” паводле кнігі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр (пераклад Надзеі Кандрусевіч, выдавецтва “Логвінаў”).
Выступы прайшлі ў 11.00 і ў 14.30. Перад кожным спекталем мы ўзгадалі імя славутага першадрукара Францішка Скарыны, прадставілі як даўно – 500 !!! год таму назад – з’явілася кніжка на роднай мове, а таксама ўзнагародзілі настаўніц і бібліатэкарак значкамі “500-годнасць” і плакатамі ад кампаніі “Будзьма!”. Потым дзеткі рабілі спробы перакладаць са шведскай мовы на беларускую. Гэта было няпроста, але ж кожны атрымаў цудоўную паштовачку з прыгожымі малюнкамі і беларускімі словамі.
Смех стаяў у залі падчас спектакля! Дзіўна было размаўляць мовай рыб, весела шчупацца як сапраўдныя шчупакі, гучна падтрымліваць Маму Му, якая за места вясла грабла кухоннай лапаткай. Рыбу ніхто не злавіў, толькі ў Крумкача перакруцілася ў вачах. А пасля спектакля дзеткі навучыліся рабіць караблікі з аркушаў паперы, прыдумалі ім чароўныя назвы і ўзялі кніжкі ў бібліятэцы!
Да пабачэння! Да новых сустрэч! Чытайце кніжкі на роднай мове!
Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му, у выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоў для дзетак альбо дарослых, пішыце на скрыню [email protected], і ваш зварот не застанецца без увагі.
Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з посьпехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.
Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў угараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.