Гэтыя словы гучалі 11 кастрычніка ў бібліятэцы імя Францішка Багушэвіча г. Мінска. Калі знадворку восеньскі халодны дождж паліваў ходнікі, пад гасцінным дахам бібліятэкі праходзіла паэтычная імпрэза для школьнікаў – “Мы ўсім абавязаны маме”. Яна была арганізаваная да Дня Маці, што адзначаецца 14 кастрычніка. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі відэапрэзентацыю з вершаў беларускіх пісьменнікаў, песняў бардаў і спевакоў, прысвечаных матулям. На мерапрыемства быў запрошаны паэт, перакладчык, бард Серж Мінскевіч, выступ якога адбываўся у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Ён пазнаёміў школьнікаў з гісторыяй кнігі і беларускага кнігадруку. “Першыя кнігі – гэта вусная творчасць людзей, што перадавалася па памяці з пакалення ў пакалення, – сказаў госць імпрэзы. – А першы апавядальнік для маленькага чалавека, вядома, матуля…” Серж Мінскевіч выканаў колькі сваіх песень, прачытаў прысвечаныя маці свой верш і верш Альжбэты-Браніславы Малішэўскай-Спрынчан, які быў надрукаваны ў рубрыцы ПВ-Парнас газеты “Пераходны ўзрост”. Уласныя вершы – звароты да мам – прачыталі і школьнікі.
Мерапрыемства прайшло цёпла, па-сяброўску, з усмешкамі.