15 лістапада ў 4 “А” класе гімназіі №31 было весела і шумна. У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” тэатрык лялек “Лямцавая батлейка” паказаў спектакль “Хутчэй, Мама Му!” паводле кнігі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр (пераклад Надзеі Кандрусевіч, выдавецтва “Логвінаў”).
Перад выступам мы ўзгадалі імя славутага першадрукара Францішка Скарыны, прадставілі як даўно – 500 !!! год таму – з’явілася першая кніга на роднай мове, а таксама ўзнагародзілі настаўніцу значкам “500-годнасць” і плакатамі ад кампаніі “Будзьма!”. Потым дзеткі рабілі спробы перакладаць са шведскай мовы на беларускую. Гэта было няпроста, але ж кожны атрымаў цудоўную паштовачку з прыгожымі малюнкамі і беларускімі словамі.
Смех гучаў у класе падчас спектакля! Дзіўна было размаўляць мовай рыб, весела шчупацца як сапраўдныя шчупакі, гучна падтрымліваць Маму Му, якая замест вясла грабла кухоннай лапаткай. Рыбу ніхто не злавіў, толькі ў Крумкача перакруцілася ў вачах. А пасля спектакля дзеткі навучыліся рабіць караблікі з аркушаў паперы, прыдумалі ім чароўныя назвы і паплылі дадому!
Да пабачэння! Да новых сустрэч! Чытайце кніжкі на роднай мове!
Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му ў выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоў для дзетак альбо дарослых, пішыце на скрыню [email protected], і ваш зварот не застанецца без увагі.
Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з посьпехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.
Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (JujjaVislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў угараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.