4 траўня 2017 года ў СШ № 115 горада Мінска перад вучнямі старэйшых класаў і настаўнікамі выступіла паэтэса Вера Буланда.
Свой выступ спадарыня Вера пачала з верша Ніла Гілевіча “Марыў калісьці славуты Скарына…”
Марыў калісьці славуты Скарына,
«Ціснучы» кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў…”
І ў час наступнага дыялогу Вера Аляксандраўна падкрэслена засяроджвала ўвагу выхаванцаў на значнасць і неабходнасць кнігі ў жыцці кожнага чалавека. Што сапраўдны подзвіг нашага Францыска Скарыны – гэта яркае жыццесцвярджальнае святло ў сэрцах люду паспалітага.
Казаў Сын Лукаша з Полацка
Вучоным мужам у Падуі: –
Дзякуй
За ведаў нязгаснае полымя,
Пайду
Землякоў ім радаваць.
Усе да мясцін тых,
Дзе нарадзіліся,
Вялікую ласку
Маюць…
Мужы вучоныя
Пагадзіліся,
Што так
Сапраўды бывае.
Белая Русь
Славу займела
3 ласкі
Свайго вандроўніка…
Пятро Сушко. “Скарынава ласка”
Спадарыня Буланда адначасова падзялілася радасцю – выхадам чарговай сваёй кнігі “Лагода”, якую менавіта ў гэты дзень даставіў выдавец В. Хурсік у школу. Распавяла, якое шчасце для творчага чалавека трымаць у руках сваю кнігу. Адказваючы на пытанні вучняў, пацвердзіла, што марыла ў далёкія школьныя гады пісаць і выдаваць кнігі, але ў мару гэту слаба верылася. Таму радасць заўсёды перапаўняе душу, што мара споўнілася.
Актыўным удзельнікам гутаркі Вера Аляксандраўна ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” на памяць аб сустрэчы падарыла паштоўкі “не маўчы па-беларуску”, плакаты “500-годнасць кнігадруку” і торбачкі з аналагічным надпісам.