16 чэрвеня ў Магілёве пачаў курсіраваць тралейбус з карцінамі магілёўскага мастака Базыля Камарова. Такая незвычайная выстава была арганізаваная ў рамках праекта Цэнтра гарадскіх ініцыятыў «Мастацтва на колах». 11 карцін размясціліся на бартах транспарту, яшчэ 17 — унутры салона.
Праект быў прадстаўлены яшчэ на студзеньскiм «Кірмашы праектаў», зладжаным кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, аднак рэалізаваць яго атрымалася толькі праз паўгода, пакуль на праект збіралі сродкі і ажыццяўлялі ідэю. Раней у горадзе ўжо праходзіла акцыя «Паэзія ў метро» — тады ў грамадскім транспарце размясцілі вершы беларускіх аўтараў. Гэты праект аказаўся паспяховым, таму на ім вырашылі не спыняцца. Цяпер магілёўцы замест рэкламных улётак змогуць убачыць карціны магілёўскіх мастакоў. Пакуль запушчаны толькі адзін маршрут, аднак у будучыні плануецца аформіць яшчэ як мінімум адзін тралейбус. А пакуль магілёўцы могуць убачыць карціны Базыля Камарова ў тралейбусе, які працуе на маршруце №4.
Плата за праезд будзе не вышэйшая і не ніжэйшая за звычайную. Аўтары праекта робяць акцэнт на тым, што гэта не нейкая незвычайная выстава, на якую глядач будзе прыходзіць адмыслова. Гэта спосаб зблізіць мастацтва і грамадства, пазнаёміць звычайных магілёўцаў, якія едуць на працу раніцай і рэдка знаходзяць час на выставы, з творчасцю іх земляка. Але сам мастак настроены крыху скептычна і лічыць, што многія ўсё роўна не зацікавяцца яго працамі.
Плануецца, што паглядзець карціны Базыля Камарова, можна будзе яшчэ доўга: як мінімум паўгода ці год тралейбус будзе працаваць на маршруце — “пакуль не сапсуецца карцінка”.
Марыя Гілёва