Першы ў сваёй музычнай біяграфіі канцэрт магілёўскага гурту Mauzer у Воршы адбыўся ў перадапошні дзень восені. Пляцоўкай для выступу гурту стала памяшканне мясцовага Дома культуры сляпых. Па словах арганізатара канцэрту, каардынатара прадусарскага цэнтру No Logo Promo Віталя Броўкі, ДК сляпых апынуўся лепшым месцам у горадзе для правядзення канцэрту.
“У Воршы на сённяшні дзень не існуе ніводнага начнога клубу, а дырэкцыя ДК пайшла нам насустрач, стварыўшы добрыя ўмовы для правядзення фэсту”, – зазначыў ён.
З пытаннем пра ўражанне ад канцэрту “Будзьма” звярнулася да франтмэна Mаuzerа Яна.
“У мяне было пачуццё, што я вярнуўся ў Савецкі Саюз, – адказаў ён. – Памяшканне, людзі, іх выгляд і паводзіны – усё нагадвала пра часы СССР”.
Тым не менш, па словах арганізатараў, фэст прайшоў удала. Каля 300 чалавек прыйшло на канцэрт, і большасць з іх прысутнічала там невыпадкова. “Было некалькі адмоўных момантаў, але зараз мы будзем ведаць, на што зважаць пры арганізацыі канцэрту наступным разам”, – адзначыў Віталь Броўка.
Акрамя Mauzera на канцэрце выступалі пераможца чвэрцьфіналу беларуска-шведскага праекту bandscan:Belarus гурт Уже і тры маладых аршанскіх выканаўцы.
Фота Сяргея Навіцкага з vkontakte.ru