9 чэрвеня 2016 года ў цэнтры “Кола” Магілёва адбылася прэзентацыя кнігі Мікалая Улашчыка «Даць народу гісторыю», у якую ўвайшлі ўспаміны і лісты знакамітага беларускага гісторыка і археографа, аднаго з самых дасведчаных знаўцаў Вялікага Княства Літоўскага. Перад магілёўцамі выступіў адзін з укладальнікаў кнігі пісьменнік Міхась Скобла. Ён жа правёў і невялічкую віктарыну на лепшае веданне айчыннай гісторыі і літаратуры. Напрыклад, распавёў, што паэму “Смаргонская акадэмія” “дапамагаў” напісаць Барадуліну менавіта Улашчык – ён выступіў эпісталярным кансультантам твора. Пераможцы віктарыны атрымалі ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” кнігі В. Ластоўскага, М. Танка, Р. Барадуліна, А. Пісьмянкова.
Як прызнаўся М. Скобла, ён быў прыемна ўражаны гістарычнымі ведамі магілёўцаў. “Паколькі М. Улашчык быў найперш даследчыкам беларускіх летапісаў, то і пытанні віктарыны тычыліся летапісання. Скажам, я прыводзіў радкі з нейкага летапіса, а слухачы павінны былі адгадаць, адкуль цытата. Але толькі я пачынаў цытаванне, напрыклад: “А москва з немалым войском место славное Могілёв выжгла в Петров пост…”, як зала ледзь не хорам выгукала: “Баркалабаўская хроніка”! Гэта было для мяне неспадзявана, а таму ўдвая прыемней”, – расказаў пісьменнік.
На сустрэчы быў таксама прадстаўлены кампакт-дыск «Галасы паэтаў», укладзены спявачкай Таццянай Матафонавай. На ім вядомыя беларускія паэты чытаюць свае вершы. На дыску галасы Я. Купалы, Я. Коласа, Л. Геніюш, У. Караткевіча, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна, А. Сыса, А Вярцінскага, Д. Бічэль, Т. Сапач – класікаў і сучаснікаў, агулам 60 творцаў. Укладальніца адшукала ўнікальныя запісы ў фондах Беларускага радыё, атрымала іх ад сваякоў паэтаў, якія ўжо сышлі, сабрала на адным дыску больш за 400 вершаў у аўтарскім выкананні. Цяпер кожны ахвочы зможа не толькі пачуць знакамітыя і малавядомыя паэтычныя творы, але і адчуць аўтарскія інтанацыі, эмоцыі, перажыванні, якія немагчыма перадаць праз друкаванае слова. Прысутныя на сустрэчы з цікавасцю паслухалі, як чытаў свае вершы Я. Купала, М. Танк, Н. Арсеннева. Як заўважыў адзін з арганізатараў сустрэчы, старшыня Магілёўскай філіі ТБМ Алег Дзьячкоў, “атрымалася своеасаблівая паэтычная сімфонія, і выдатна, што яна прагучала ў горадзе на Дняпры”.
Паводле Алеся Сабалеўскага, здымкі таксама яго.