20.03.2017 | Навіны "Будзьма!" У краіне

Мюнхгаўзэн і 500-годнасць — у Нарачы

 

19 сакавіка ў Нарачы ў Цэнтры творчасці і турызму дзяцей і моладзі Мядзельскага раёну ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку адбылася літаратурная імпрэза. Перакладчык Ігар Крэбс і перакладчыцы Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская прадставілі інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет” і апошнія кнігі з серыі “PostScriptum” — “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна” Бюргера і Распэ, “Замак Отранта” Ўолпала і “Франкенштайна” Шэлі, а таксама “Нататкі пра Шэрлака Холмса” Дойла.

Галоўнымі героямі імпрэзы былі Францыск Скарына і барон Мюнхгаўзэн. Перакладчыкі разам з гасцямі згадалі пра ўнёсак першадрукара ў беларускі кнігадрук і пасля перайшлі да кніжных навінак. Ганна Янкута і Ігар Крэбс правялі сярод прысутных апытанку, якія гісторыі пра барона Мюнхгаўзэна яны ведаюць (прызам за правільны адказ была паштоўка), і выявілася, што сярод дзяцей гэтая кніга дагэтуль папулярная. Пасля дзеці атрымалі расфарбоўкі з Мюнхгаўзэнам, чыстую паперу і алоўкі і пачалі маляваць, а перакладчыкі пачалі расказваць гісторыі для дарослых. Ганна Янкута зачытала прадмову да “Прыгод барона Мюнхгаўзэна”, а Ігар Крэбс — некалькі сатырычных эпізодаў з кнігі, каб паказаць, што яна насамрэч не зусім такая, якую мы ведаем з рускіх перакладаў.

 

 

 

 

 

 

Кацярына Маціеўская зачытала для дзяцей свой пераклад казкі нідэрландскага аўтара Тона Тэлегена і расказала пра тое, як рыхтаваўся беларускі пераклад кнігі “Нататкі пра Шэрлака Холмса” Дойла, з якімі складанасцямі сутыкнуліся перакладчыкі, як расшыфроўвалі, што гэта за камень — “блакітны карбункул”, і якая менавіта змяя ўдзельнічае ў апавяданні “Стракатая стужка”. Ганна Янкута расказала, як яна разам з перакладчыцай рамана, Марынай Дзергачовай, вырашалі, як па-беларуску будуць зваць галоўнага героя кнігі Мэры Шэлі — “Франкенштайн” ці “Франкенштэйн” — і як урэшце спыніліся на першым варыянце, бо ён адпавядае сапраўднаму гучанню імені на розных мовах. Потым перакладчыкі пачыталі свае пераклады вершаў. Ігар Крэбс расказаў, чаму рамантызм — гэта не зусім тое, што пра яго звычайна думаюць, і на прыкладзе некалькіх вершаў Генрыха Гайнэ паказаў, што рамантыкі дагэтуль гучаць вельмі актуальна. Ганна Янкута расказала пра зборнік вершаў Эдгара По, а Кацярына Маціеўская прачытала пародыю на самы знакаміты верш амерыканскага паэта — на “Крумкача”. Затым Ганна Янкута прадставіла кнігу Джона Кітса і прачытала з яе адзін верш. Чытанні скончыліся фрагментам з “Саламеі” Оскара Ўайлда, які агучыла перакладчыца п’есы — Кацярына Маціеўская.

У канцы імпрэзы надышоў час для пытанняў, і слухачы пачалі распытваць перакладчыкаў, з якімі цяжкімі момантамі падчас перакладу на беларускую мову яны сутыкаліся, што запомнілася ім у працы, як яны перакладаюць тэхнічна складаныя вершы. Імпрэза перарасла ў дыскусію пра паэтычныя пераклады, і самыя актыўныя яе ўдзельнікі атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Дзяцей у канцы імпрэзы таксама чакалі сюрпрызы — яны атрымалі значкі “500-годнасць беларускага друку” за ілюстрацыі да гісторый пра барона Мюнхгаўзэна, а самая актыўная сям’я — яшчэ і кнігу “Баваўняная дзяўчынка” Дар’і Вашкевіч.​

 

 

 

Фота Арыны Мароз

 

Тэгі:

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика