Фота Надзеі Бацілавай
Аляксей Знаткевіч расказвае пра “Палёт над гняздом зязюлі” Кена Кізі
Францішак Скарына быў не толькі першым беларускім выдаўцом і ілюстратарам. Яго талент і энергія праявіліся і ў перакладзе біблійных тэкстаў на старабеларускую мову. Менавіта таму, адзначаючы 500 гадоў беларускага кнігадруку, важна казаць і пра гэтую традыцыю асветніцкай працы літаратараў Беларусі. Асабліва цяпер, калі мы назіраем новы рэнесанс беларускамоўнага перакладу.
Адразу тры серыі айчыннай перакладной кнігі, якія з’явіліся не так даўно ў незалежных выдавецтвах, былі прадстаўленыя чытачам 14 снежня ў магілёўскім «Коле сяброў». Імі сталіся: «Паэты планеты» – кампактная серыя невялікага фармату, якая выходзіць у выдавецтве Змітра Коласа і прэзентуе ўсім, хто чытае па-беларуску, асноўныя творы самых знакамитых паэтаў свету. «Постскрыптум» – серыя, якой апекуецца часопіс перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». І нарэшце «Амерыканка» – новая кніжная серыя, якая мае на мэце аб’яднаць культавыя творы аўтараў Паўночнай Амерыкі, кнігі «пра волю і чалавечую годнасць». Як сказала вядучая вечарыны, пісьменніца і перакладчыца Марыя Мартысевіч: «аб’ядноўваючыся ў тэматычныя серыі, фронтам лягчэй выходзіць да чытача ва ўмовах, неспрыяльных для кнігавыдання».
Магілёўская публіка на прэзентацыі беларускіх перакладаў
Неспрыяльныя ўмовы – гэта адсутнасць падтрымкі мастацкага перакладу з боку беларускай дзяржавы, адсутнасць развітага кніжнага рынку беларускамоўнай кнігі. Малыя продажы не дазваляюць многім выдаўцам рызыкаваць, укладаючы грошы ў выданне перакладаў. Бо апроч выдаткаў на друк і ганарар перакладчыку, часта трэба выплочваць роялці замежным выдавецтвам. Гэта робіць перакладную кнігу нятаннай, а таму менш прывабнай для пакупніка.
Зрэшты, нешта пачынае мяняцца, знаходзяцца адважныя выдаўцы. Якія стратэгіі выбіраюць яны для прасоўвання перакладной кнігі, можна было даведацца падчас выступу прадстаўнікоў дадзеных серый.
Пра «Паэтаў планеты» расказаў перакладчык-германіст Ігар Крэбс, які прачытаў калядныя вершы Генрыха Гайнэ. У серыі выйшла 33 кнігі паэтычных перакладаў, але ў планах выдаўца Змітра Коласа і рэдактара серыі Лявона Баршчэўскага – каля 100 пазіцый. “Паэты планеты” – гэта класічныя і выбітныя сучасныя аўтары з Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Грэцыі і нават Румыніі – «усё тое асноўнае, што трэба ведаць пра сусветную паэзію». Выдаюцца ў серыі і творы беларускіх паэтаў. Сярод іх – Рыгор Барадулін, Юлій Таўбін, Алесь Разанаў.
Ганна Янкута чытае пераклады з Баляслава Лесьмяна
Ганна Янкута – адна з актывістак серыі (пакуль што перакладчыкі працуюць на безганарарнай аснове) – прадставіла свае (і чужыя) пераклады класіка польскага мадэрнізму Баляслава Лесьмяна, англійскага рамантыка Джона Кітса, ірландскага і французскага мадэрністаў Уільяма Батлера Ейтса і Гіёма Апалінэра.
Пра серыю «Постскрыптум» расказвала ўжо яе ўкладальніца Ганна Янкута, якая паказала самыя розныя выданні: ад англійскага гатычнага раману ў мяккай вокладцы – да вялікафарматнага шыкоўнага выдання «Пітэра Пэна» Джэймса Бары, якое літаральна днямі выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» пры падтрымцы Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Аповесць, перакладзеная Уладзем Лянкеівчам і аздобленая ілюстрацыямі Кацярыны Дубовік – мастачкі, ужо ўганараванай прэміяй Цёткі за адзабленне дзіцячай кнігі «Сем ружаў».
Ганна Янкута прадстаўляе беларускамоўнага Пітэра Пэна
Ігар Крэбс прачытаў урывак са свайго ўскрай дасціпнага перакладу «Прыгодаў барона Мюнхгаўзэна» А.Г. Бюргера і Р.Э. Распэ. Паводле перакладчыка, расійская версія гэтай кнігі арымалася скарочанай: самае сакавітае перакладчык Карней Чукоўскі прапусціў, каб кніжка атрымала статус дзіцячай. Асаблівасць беларускага выдання яшчэ і ў тым, што Крэбс пераклаў некаторыя нямецкія застольныя песенькі, якія ўсяго толькі згадваліся ў арыгінале, а таксама напісаў прадмову, дзе змясціў вынікі свайго росшуку продкаў знакамітага барона ў Беларусі.
Ігар Крэбс прадстаўляе «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» па-беларуску
І нарэшце Марыя Мартысевіч – рэдактарка серыі «Амерыканка»– расказала пра тое, як увосень праз краўдфандынг-платформу «Улей» былі сабраныя сродкі на пілотны раман серыі – «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі. Дзякуючы чытачам і мецэнатам, за два месяцы перакладчыкі сабралі 7000 беларускіх рублёў, якія пайшлі на дызайн серыі «Амерыканка», друк кніг і выплату аўтарскіх правоў. А перакладчык Аляксей Знаткевіч («Не ведаю, як у Празе, дзе ён жыве і працуе, а ў Мінску ён прадстаўляецца магілёўскім літаратарам», – пажартавала Мартысевіч) прачытаў пачатак раману ў сваім перакладзе і заклікаў усіх прачытаць твор па-беларуску, бо «мой пераклад лепшы за абодва расійскія». Тут жа аднак са смехам патлумачыўшы, што паўтарае гэта пры кожнай нагодзе «дзеля раскруткі».
Аляксей Знаткевіч чытае свой пераклад «Палёту над гняздом зязюлі»
Знаткевіч таксама расказаў, навошта чытаць кнігу, калі вы ўжо глядзелі шэдэўральны фільм Мілаша Формана. «Фільм – гэта выдатны пакой у палацы, а кніга – гэта ўвесь палац і безліч не менш прыўкрасных пакояў, чым той, у які вы трапілі напачатку».
Журналіст Уладзімір Лапцэвіч – «срэбны прызёр» «амерыканскай» віктарыны «Будзьма беларусамі!».
Завершылася сустрэча вясёлай віктарынай, дзе слухачы прадэманстравалі веды рэалій ЗША і амерыканскай культуры. Прызамі сталі паштоўкі і сувеніры ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» з сімволікай «500-годнасці».
Магілёўскі эрудыт Зміцер правільна адказаў на пяць пытанняў і заняў першае месца ў віктарыне, якую правяла Марыя Мартысевіч
«Нам асабліва прыемна выступаць пад лэйблам пяцісотгоднасці тут, у Магілёве, горадзе Спірыдона Собаля і Максіма Вашчанкі, горадзе, які праз сто гадоў пасля Скарыны на некалькі стагоддзяў зрабіўся буйным цэнтрам славянскага кнігадруку», – зазначыла Мартысевіч падчас заканчэння вечарыны.