6 красавіка наша “500-годнасць” наведала старажытны Магілёў.
Вядомага гісторыка, доктара навук Леаніда Лыча, фотамастака і паэта Георгія Ліхтаровіча прымалі ва ўтульнай зале культурніцкай пляцоўкі “Кола”. Магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якую ўзначальвае апантаны Алег Дзьячкоў, сабрала сапраўднае сяброўскае кола прыхільнікаў беларушчыны.
Каля сарака жыхароў Магілёва з цікавасцю слухалі вершы Георгія Ліхтаровіча, што тычыліся нашага слаўнага юбілею: “Полацкі санет”, “Гісторыя з геаграфіяй”. Былі прэзентаваныя і новыя кніжкі “Ліхтарыкі-1” і “Ліхтарыкі-2”.
У выступе Леаніда Лыча гаворка ішла пра нашу славутую гісторыю і праблемы сучаснага грамадства. Гэтыя тэмы не маглі пакінуць абыякавым нікога з прысутных. Аб тым яскрава сведчыла колькасць пытанняў да выступоўцы, якія ператварылі сустрэчу ў жывую размову людзей, зацікаўленых гісторыяй бацькаўшчыны і заклапочаных сённяшнім станам роднай мовы.
Напрыканцы жадаючыя мелі магчымасць набыць кнігі гасцей, а найбольш актыўныя ўдзельнікі гутаркі атрымалі сувеніры з сімволікай кампаніі “500-годнасці”.