На Ушаччыне, як і па ўсёй Беларусі, сёлета прыпазнілася вясна. Толькі нядаўна тут зацвілі вішні, слівы і грушы, а на вулачкі раённага цэнтра апусціліся бялюткія казачныя воблакі. Менавіта сюды 17 траўня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” завітаў пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік.
Першая сустрэча з юнымі чытачамі адбылася ў цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы, на якую загадчыца Галіна Мікалаеўна Іванова запрасіла самых актыўных сяброў кнігі. Яны падрыхтавалі выдатную кампазіцыю паводле вершаў свайго славутага земляка народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Крылатае барадулінскае слова гучала з дзіцячых вуснаў узнёсла і вельмі прыгожа. Удзельнікі свята атрымалі ў падарунак паштоўкі і кніжкі.
Яшчэ адна імпрэза адбылася ў актавай зале Ушацкай сярэдняй школы, на ёй прысутнічалі вучні малодшых класаў і настаўнікі. І тут таксама гучала родная мова – вершы вядомых паэтаў, народныя прыказкі, прымаўкі, загадкі.
Уладзімір Ягоўдзік расказаў пра веліч нашага першадрукара Францыска Скарыны, пра жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, з якімі яму пашчасціла сустракацца.
Непадалёк ад школы, на вуліцы Школьнай (з часам яна будзе пераназвана), стаіць дом Рыгора Барадуліна. Веснічкі на падворак лёгка адчыняюцца, пад самотным акном ляжаць кветкі. Стаіш і міжволі згадваюцца неўміручыя радкі:
Ірве стаеннік павады,
На волю скача.
Мне адступаць няма куды –
За мной Вушача.
Яна за мной, яна ў ва мне,
Я ў ёй таксама.
Я вечны ў роднай старане,
Як слова Мама…
Дзівоснае воблака Паэзіі дзядзькі Рыгора будзе заўсёды на беларускім небасхіле.