16 кастрычніка ў будынку бібліятэкі імя Якуба Коласа жыхары Наваполацку гутарылі са славутым беларускім пісьменнікам, гісторыкам, віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЕН-цэнтру Уладзімерам Арловым. Сустрэча была арганізаваная сябрамі мясцовай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Ірынай Бельскай, паэтэсай, лаўрэатам прэміі часопіса “Дзеяслоў” у намінацыі “Лепшы дэбют”, і Зміцерам Шчэрбікам у межах агульнабеларускай кампаніі “Будзьма”.
Абмежаваная колькасць месцаў і маленькі памер памяшкання, у якім адбывалася імпрэза, не перашкодзілі ўсім жадаючым прыйсці на сустрэчу са сваім слынным суайчыннікам. Па словах самаго выступоўцы, палова прысутных вымушаная была слухаць пісьменніка стоячы ў сувязі з недахопам крэслаў, што, тым не менш, не сапсавала агульнае ўражанне ўсіх прысутных ад сустрэчы.
Інтэрактыўны фармат мерапрыемства забяспечваўся актыўным удзелам публікі ў абмеркаванні творчасці пісменніка. Як адзначыў Уладзімер Арлоў, ён атрымаў ад аўдыторыі больш за 50 пытанняў. Публіка ў сваёй большасці складалася з маладых людзей, студэнтаў Полацкага Дзяржаўнага Універсітэта, старшакласнікаў.
Падчас мерапрыемства спадар Арлоў прэзентаваў сваю новую аўдыёкнігу пад назвай “Паўстанцы”, якая ўлучае 14 гістарычных эсэ, прысвечаных падзеям з моманту паўстання Тадэвуша Касцюшкі да Слуцкага ўзброенага чыну. Акрамя таго, ён правёў конкурс на лепшае пытанне і прэзентаваў кампанію “Будзьма”, распавёўшы пра яе ідэю і мэты.
Задаволены вынікамі сустрэчы, якая адбылася, Уладзімер Арлоў і надалей плануе сустракацца са сваімі суайчыннікамі, якім цікавыя ягоныя творы і якія неабыякава ставяцца да гістарычнай спадчыны сваёй Радзімы.