18 чэрвеня. Мінск, Rock house cafe. 19 гадзін 55 хвілін. Да апошняга летняга канцэрту Neuro Dubel засталося 5 хвілін. Насамрэч, канечне, канцэрты ніколі не пачынаюцца ў час, і гэты не выключэнне. У паветры застылі белыя клубы дыму і напружанае чаканне. Нарэшце ў 20 хвілін на дзевятую, Кулінковіч змяніў свой любімы белы швэдар, у якім ён сноўдаўся па кавярні з заклапочаным выразам твару, на паласатую майку, разам з ёй надзеў усмешку і выйшаў на сцэну, за ім падцягнуліся і астатнія.
Пасля хуліганскага “Прывет” загучала знаёмая ” Тотальная дефлорация “, затым “Чай липтон”. Быццам у адказ на кулінковічаўскае “снимай меня крупно” да самай сцэны набілізілася відэакамера тэлекананалу “ЛАД”. Яшчэ перад канцэртам Павел Kашырын паведаміў, што “ЛАД” будзе здымаць канцэрт для праграмы “Proдвижение”, таму некаторым, магчыма, пашчасціць убачыць сябе на тэлеэкране.
Калі загучала “Охотник и сайгак”, шэрагі гледачоў за столікамі заўважна парадзелі, перад сцэнай утварыўся сапраўдны натоўп, напружанасць, што вісела ў паветры, некуды знікла, і, здавалася, нібыта зусім іншыя людзі запоўнілі кавярню. Дзесяткі рук узляцелі ўверх, разам з музыкай са сцэны магутнай хваляй лілася энэргія, на імгненне спыняючыся пад нізкай столяй, яна ападала ўніз, стукалася ў грудзі кожнага, хто стаяў перад сцэнай, і не пусціць яе да сябе было проста немагчыма, здавалася, што гэтая энэргія, як з эпіцэнтру моцнага выбуху, сыходзіць са сцэны, прадзіраецца скрозь сцены, запаўняе сабой горад, і яшчэ як мінімум некалькі кварталаў спяваюць разам з Neuro Dubel.
На крытычнае “А я гадзіна і не патрыёт” праз колькі хвілін няўмольна насунулася “Я памру тут”, і ў той момант, мабыць, кожны з прысутных сапраўды адчуў сябе патрыётам. У кавярні рабілася сапраўды горача, дзяўчаты пачалі здымаць кофтачкі, хлопцам пашчасціла трошкі болей, ужо прыкладна пасля дзесятай песні некаторыя з іх услед за Паскудам і Кулінковічам паздымалі з сябе і майкі.
Падчас канцэрту Аляксандр Кулінковіч запрасіў гледачоў на вялікі сольны канцэрт, прысвечаны 20-годдзю Neuro Dubel, які адбудзецца ў кастрычніку, хутчэй за ўсё ў клубе “Рэактар”. “Гэта будзе канцэрт гадзіны на тры, мы прабяжымся па ўсіх альбомах пачынаючы ад 90-х гадоў. Галоўнае – дажыць і выжыць”, – адзначыў Кулінковіч.
Трошкі нечакана, але прыемна прагучаў заклік глядзець у нядзелю канал СТВ, аказалася, што ў вечаровым эфіры будуць паказваць запіс канцэрту Славянскага базару ў Віцебску, дзе можна будзе пачуць песню Neuro Dubel “Гузік”. Па словах Кулінковіча, яны сыгралі дзве песні, але ў запіс чамусьці трапіла толькі адна.
Пасля трыццатай песні Кулінковіч пачаў рыхтаваць залю да хуткага заканчэння канцэрту, але заля хутка расставацца яўна была не настроеная. Пад нумарам 32 “Дзюбелі” сыгралі “Ничего на свете лучше нету” і, развітаўшыся, схаваліся за сцэнай. Аднак так проста сысці не атрымалася. Пасля доўгіх заклікаў гледачоў музыкі вярнуліся і заспявалі “Петрова (подай воды)”. На гэтым канцэрт скончыўся. Зачараваны, агаломшаны музыкай натоўп павольна выцек на вуліцу.
Фота Андрэя Парфёнава.