Сёння, 2 снежня, Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін наведалі Мінскі Інстытут праблем культуры, дзе яны гутарылі з загадчыкамі аддзелаў маркетынгу бібліятэчнай сістэмы Беларусі. Імпрэза адбывалася ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Тэма сустрэчы была акрэсленая, як “стан сучаснай беларускай паэзіі і кнігі”. У супрацьвагу песімістычным прагнозам “харонаў” беларускай культуры аб крызіснай сітуацыі ў сучаснай літаратуры і незайздросным становішчы айчыннага кнігавыдання, паэты прывялі важкія аргументы ў доказ таго, што беларуская літаратура жыве, беларуская кніга запатрабаваная чытачамі і беларуская мова будзе квітнець да таго часу, пакуль на ёй будуць стварацца вершы і песні.
“Няхай жыццём кіруе смех!”, – такі паэтычны пасыл прагучаў ад Леаніда Дранько-Майсюка. Як падцвярджэнне гэтаму, выклікаючы авацыі ўдзячных слухачоў, ліліся новыя вершы Леаніда Дранько-Майсюка і песні ў выкананні Эдуарда Акуліна.
Сустрэча доўжылася амаль тры гадзіны. Напрыканцы, госці інстытуту адказалі на шматлікія пытанні бібліятэчных работнікаў і запрасілі іх на творчую вечарыну часопісу “Дзеяслоў” з удзелам майстроў беларускага слова, якая мае адбыцца 3 снежня ў сталічным Палацы мастацтваў.