Нядзельную экскурсію па Слуцку зладзіла 31 траўня 2009 году МГА “Гісторыка”. У скверы сабраліся тыя, хто пераадолеў сябе і ўстаў ранкам, каб пазнаёміцца з горадам, дзе некалі ткалі славутыя паясы.
Слуцк – горад, у якім нячаста бываюць турысты, “… таму не здзіўляйцеся, калі нас будуць разглядаць з цікаўнасцю”, – адзначыў экскурсавод Антось перад пачаткам экскурсіі.
Помнік Сафіі Слуцкай
Сам па сабе Слуцк – горад не надта маленькі, але і не мегаполіс – 62 тысячы жыхароў у шматпавярховіках і прыватных хатах. Цэнтр яго досыць сучасны, чысты і прыгожы. Вуліцы не вельмі шырокія, увечары яны не поўняцца машынамі, і паветра тут чыстае. Праз горад цякуць дзве ракі – Бычок і Случ. Першая – невялікая і не такая заўважная, як другая.
Помнік савецкаму салдату-вызваліцелю
Слуцк – горад з дзевяцісотгадовай гісторыяй. Галоўная вуліца горада – вуліца Леніна – цягнецца амаль праз увесь горад. У 1920 годзе ў Слуцку быў абвешчаны Слуцкі збройны чын, дзе рада Случчыны пастанавіла змагацца за новаабвешчаную БНР супраць бальшавіцкай улады. У будынку, дзе праходзіў з’езд Рады, сёння месціцца краязнаўчы музей. Праўда, у самім музеі цэнтральнае месца займае экспазіцыя, звязаная з Другой сусветнай вайной. Перад Дажынкамі 2005 года ў горадзе з’явілася некалькі новых помнікаў, таксама прысвечаных гэтай вайне, быў адрамантаваны стадыён.
Будынак найстарэйшай гімназіі ў Беларусіі (засн. у 1617 г.)
Таша Міхайлоўская, каардынатар інфацэнтру МГА “Гісторыка”:
Звычайна турысты жадаюць бачыць замкі, палацы, рыцараў. Але ж гісторыя не толькі там, яна паўсюдна. Зазвычай месцы, дзе праводзяцца экскурсіі, мы імкнемся паказаць нетрадыцыйна, з незвычайнага боку. У гэтым выпадку нам вельмі хацелася паехаць у Слуцк. Напэўна, усе чулі пра слуцкія пасы, пра Анастасію Слуцкую. Але па сутнасці большасць людзей мала ведае пра горад больш за пэўныя сімвалы, і гэта няправільна. Слуцк амаль не фігуруе ў турыстычных маршрутах, таму што ў яго няма тых жа самых замкаў, але нягледзячы на гэта ён мае цікавую і багатую гісторыю.
Царква св. Міхаіла ў Слуцку
Наведванне хрысціянскіх храмаў магло даць уяўленне пра святых з іконаў, вітражоў і пра сутнасць хрысціянскай веры. Гэтаму асабліва паспрыялі дыялог і дыскусіі з айцом Арыюшам, што доўжыліся больш за гадзіну. Айцец Арыюш паходзіць з Польшчы, за некалькі месяцаў ён вывучыў беларускую мову і цяпер размаўляе на ёй штодня. Яго касцёл у вёсцы Замосце наведваюць і праваслаўныя, і каталікі. Пра айца кажуць, што ён надзвычай добры святар, але, з іншага боку, бліжэйшая царква знаходзіцца толькі ў Слуцку, да якога 25 кіламетраў. Наогул касцёлаў на Случчыне больш, чым цэркваў, бо гэта пераважна каталіцкі рэгіён.
Касцёл у Замосці
Сваімі ўражаннямі ад наведвання храмаў і экскурсіі дзеліццца Аляксандр Краўчанка:
Мне найбольш спадабалася праваслаўная царква праз сваю аздобу, вельмі разнастайныя іконы, некаторыя асабліва каларытныя, якія, напэўна, цяжка было б сустрэць у іншых цэрквах. У прыватнасці, ікону “Ісус Хрыстос супраць абортаў”. Ісус стаіць з крывавым эмбрыёнам у руцэ. Яшчэ была ікона, дзе выяўленая адна ступня, і гэта ікона святога. Краязнаўчы музей быў своеасаблівым… На змест выставы, напэўна, вельмі паўплывала патрэба паказаць, чаго дасягнулі землякі. Палёты ў космас, спартовыя рэкорды – гэта хутчэй дасягненні людзей, чым краю.
Былы кляштар бернардынцаў
Слуцкае марозіва нядрэннае на смак і вялікае – цэлых сто грамаў. Гэтым суцяшаеш сябе, калі думаеш пра масласырбазу, якая ў мінулым была кляштарам бернардынцаў. Таксама карціць верыць, што і кансервы з кансервавага заводу, былой камерцыйнай вучэльні, таксама неблагія.
Старыя будынкі цягнуцца ўздоўж вуліцы: паштовая станцыя, універмаг, дзе раней была турма… І кожны з іх хавае ў сабе сваю гісторыю, сваю таямніцу, якую нам яшчэ трэба адкрыць.
Экскурсія ладзілася пры падтрымцы камапаніі “Будзьма беларусамі!”
На першым фота Краязнаўчы музей.
Фота аўтара.