27 чэрвеня ў краме-галерэі “Падземка” адбылася ўрачыстая вечарына з нагоды 13-х угодкаў выхаду ў свет зборніка “Тазік беларускі”, які прадставіў беларускаму чытачу творчасць бадай самай авангарднай і самай скандальнай літаратурнай суполкі ў сучаснай беллітаратуры – суполкі “Бум-Бам-Літ”. Імпрэза прайшла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Упершыню ад часоў выхаду кнігі арганізатарам удалося сабраць усіх аўтараў разам, каб нагадаць публіцы пра падзеі бурлівага літаратурнага жыцця 90-х гадоў. У “Падземцы” гэтым вечарам былі заўважаныя Зміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль, Алесь Туровіч, Ілля Сін, Альгерд Бахарэвіч, Юрась Барысевіч, Серж Мінскевіч, а прысутнасць аўтара ідэі “Тазіка” Валянціна Акудовіча вызначалася яго адсутнасцю.
13 гадоў – зашмат для коткі і сабакі, але замала для чалавека. А для паэтычнага зборніка? “Тазік беларускі” для свайго часу быў не проста чарговым эксперыментам, на якія, дарэчы, беларуская літаратура не надта багатая, але стаў пэўнай вяхой у яе развіцці. 13 гадоў не прайшлі дарма, цяпер пра творчасць аўтараў зборніка пішуць манаграфіі польскія і нямецкія літаратуразнаўцы, а самі творцы з маладых літаратурных бунтароў даўно ператварыліся ў салідных літаратурных рыбін.
У маленькай залі “Падземкі” былыя “бумбамлітаўцы” пачуваліся даволі камфортна. Але найбольш камфортна пачуваўся галоўны герой – тазік, які, уласна, і распачаў імпрэзу. Праўда, некаторыя згадвалі свае раннія опусы з усмешкай і вырашылі пазнаёміць публіку з новымі творамі. Так зрабілі Віктар Жыбуль ды Ілля Сін. Прыбылы на Радзіму з далёкай Нямеччыны Альгерд Бахарэвіч з гонарам прачытаў сваю славутую алюзію на творчасць класікаў “О, мілая сэрцу нямецкая мова!”. Серж Мінскевіч прыгадаў не толькі свае паэтычныя, але і песенныя эксперыменты, а Юрась Барысевіч падзяліўся колішнімі уражаннямі ад выхаду зборніка. Музычнае аздабленне вечарыны забяспечыў гурт “DRUMMATERIA”.
Ігар Жалткоў, фота – Ірына Сіліверсценка