18 лютага адбыўся першы “Кірмаш праектаў” у Оршы. З мэтай пашырэння зоны культуры на паўночны ўсход кампанія “Будзьма беларусамі!” сабрала аўтараў культурніцкіх праектаў, каб супольна абмеркаваць апошнія і ўдасканаліць іх. Мерапрыемства такога фармату ладзіцца ў Оршы ўпершыню. Хоць і было нешматлюдна (два культурніцкія мерапрыемствы ў адзін дзень гараджане не здужалі), прадстаўленыя праекты акрэслілі асноўныя праблемы культурнага жыцця Оршы, якія хвалююць гараджан і якія яны гатовыя самі вырашаць.
Аўтары трох праектаў прэзентавалі ідэі ў рэчышчы захавання і папулярызацыі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, абуджэння гістарычнай памяці аршанцаў.
Віталь Паўлаў прапанаваў звярнуць увагу землякоў на герояў дасавецкай гісторыі Оршы: “Наш горад насычаны помнікамі савецкай эпохі. Каб распавесці аршанцам, якое славутае мінулае мае наш горад, прапаную паставіць помнікі выбітным асобам, якія адыгралі важную ролю ў яго гісторыі – аршанскай харугве, якая брала ўдзел у Грунвальдскай бітве, Канстанціну Астрожскаму, Кміту-Чарнабыльскаму, Жыгімонту ІІІ Вазу і Ігнату Будзіловічу”. У мясцовыя органы ўлады спадар Паўлаў звяртаўся з гэтай ідэяй неаднойчы, таму для актуалізацыі пытання ён прапанаваў зрабіць брашуры, прысвечаныя героям будучых помнікаў. Мяркуецца, што брашуры стануць першым крокам да рэалізацыі праекта, а іх прэзентацыя – нагодай для грамадскага абмеркавання, згуртавання экспертаў і патэнцыйных спонсараў, супрацы з гарадской адміністрацыяй. Ад залы ж паступіла прапанова не абмяжоўвацца выключна брашурамі, якія відавочна патрэбныя, але і зладзіць вялікую інфармацыйную кампанію ў сацыяльных сетках і СМІ.
Пра помнікі архітэктурнай спадчыны Аршанскага раёна, патрэбу ў іх папулярызацыі, захаванні і рэнавацыі распавядаў Аляксандр Коўшык. У межах краязнаўчых экспедыцый ён аб’ездзіў усю Аршаншчыну і зрабіў мастацкія фатаздымкі помнікаў. На першым этапе, каб паказаць “што насамрэч у нас у раёне вельмі шмат усяго цікавага”, аўтар прапаноўвае свае творы для размяшчэння на сувенірнай прадукцыі (паштоўкі, плакаты, магніты), календарах, у сацыяльнай рэкламе. Паглядзець фатаздымкі Аляксандра можна будзе на вялікай выставе, якая мае адкрыцца ў пачатку сакавіка ў Оршы.
Для таго, каб усе брашуры, календары і паштоўкі было куды выставіць, Ігар Казмерчак прэзентуе свой праект па размяшчэнні ў найбольш наведваных гасцямі Оршы месцах стэндаў з турыстычнай інфармацыяй пра горад. Падчас абмеркавання з’явіліся пытанні да канцэпцыі праекта: ці будуць уладальнікі стэндаў на платнай аснове прапаноўваць рэкламныя месцы камерцыйным установам? Хто будзе ўладальнікам гэтых стэндаў? Гэтае абмеркаванне, спадзяемся, дапаможа спадару Ігару ў дапрацоўцы праекта і яго рэалізацыі.
Пераключыў “Кірмаш” на музычную тэму Уладзіслаў Лепяшынскі з прэзентацыяй “Рок-клуба “Doors” пры Доме культуры г.Барань. Клуб існуе з 2006 года, зладзіў ужо 3 рок-фестывалі і больш за 10 канцэртаў. Рок-клуб шукае новыя пляцоўкі па ўсёй Беларусі для арганізацыі канцэртаў і выязных выступаў баранскіх рок-музыкаў.
Алена Кучынская, старшыня грамадскай ініцыятывы “Чысты свет”, прапанавала ўвазе публікі праект аматарскага батлеечнага тэатра. Такі гурток пры арганізацыі “Чысты свет” існуе даўно, цяпер батлейка хацела б выйсці на новы якасны ўзровень, з новымі лялькамі і строямі. Цікавай публіцы падалася прапанова прымяняць тэатральную пляцоўку як народную трыбуну – даць магчымасць гледачам выказаць усё, што набалела, схаваўшыся за шырму.
Рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Кацярына Раманчык напрыканцы сустрэчы арганізавала супольную “работу над памылкамі”, яшчэ раз звярнуўшы ўвагу аўтараў на недакладнасці, што варта выправіць у распрацоўцы культурніцкіх ідэй, неабходнасць супрацы паміж прафесіяналамі ў розных сферах і актыўнага пошуку партнёраў і спонсараў.
“Кірмаш праектаў” – гэта камунікацыйная і адукацыйная пляцоўка для адмыслоўцаў у культуры і кожнага, каму гэтая сфера цікавая. Кампанія “Будзьма беларусамі!” збірае ў адным месцы ў адзін час людзей з ідэямі, досведам і рэсурсамі для абмеркавання і ўдасканалення прадстаўленых праектаў. Разам мы прэзентуем цікавыя ідэі, аналізуем магчымасці іх рэалізацыі і дзелімся ўнікальным практычным досведам. Калі вы маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце ў сваім горадзе, пішыце на [email protected].
Прэзентацыі праектаў глядзіце тут.
Старонкі “Кірмашу праектаў” у сацыяльных сетках: vk.com, facebook.com.
Неўмяржыцкая Лізавета
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч