Напрыканцы верасня ў межах культурна-асветніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі! “, а таксама фэсту “Заклікаем сэрцы да сяброўства!”, які ладзіла дзіцячая бібліятэка №5, у дзіцячай бібліятэцы №5 адбыліся мастацка-літаратурныя сустрэчы Ларысы Раманавай і Святланы Раманавай. 28 верасня у імпрэзе бралі ўдзел бібліятэкары дзіцячых бібліятэк г. Мінска, чытачы, сябры.
Ларыса Раманава – сябра саюза Беларускіх пісьменнікаў з 2000 году, удзельнік шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцый, навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава з 1993 году. На працягу амаль трох дзесяткаў гадоў Ларыса актыўна вывучае і прапагандуе традыцыйную культуру Веткаўшчыны, Чачэршчыны і прылягаючых раёнаў. На гэты раз фалькларыстка прэзентавала новую кнігу “На мяжы межаў. Этнаграфічныя нарысы”, выдадзеную ў Гомелі ў 2015г.
– Выданне ўключае ў сябе прадмову і пятнаццаць артыкулаў.Мне пашчасціла нарадзіцца і жыць у тых мясцінах, дзе шануюць і любяць сваю бацькаўшчыну. Дарагога каштуе тое, што ў в. Неглюбка дагэтуль мясцовыя майстрыхі на традыцыйных кроснах ткуць найвялікшыя цуды мастацтва – ручнікі! Калі проста патрымаць ручнік у руках, адчуеш прыліў радасці быцця, найвялікшую асалоду еднасці свайго роду. У Неглюбскай СШ на уроках працы вучні старэйшых класаў (і хлопчыкі, і дзяўчынкі) авалодваюць традыцыйным відам ткацтва. Як нідзе ў Беларусі , неглюбскія ткачыхі аж да нашых дзён памятаюць шматлікія назвы тканых узораў, могуць паказаць іх на ручніках, кашулях, скацерках, – распавяла спадарыня Ларыса .
– Люді здаўна прыкмецілі: ёсць добрая гадзіна і гадзіна ліхая.Каб не сустрэць бяду, прыгаворваюць:”не ў ліхую гадзіну будзь сказана”. Асабліва небяспечнымі лічацца 12 гадзін дня і 12 гадзін апоўначы, калі сонца (боства) знаходзіцца ў зеніце, і час, калі яно сыходзіць на самы Ніз. Роўна ў поўдзень, якую б працу ні выконваў чалавек, яе трэба спыніць на хвіліну, пачакаць, а потым рабіць далей….
Святлана Раманава – сябра саюза Беларускіх пісьменнікаў з 2013 году. У гэтым жа годзе яна выдала сваю першую кнігу вершаў “Смарагдавы рай”. Святлана – аўтар публікацый на тэмы культуры і мастацтва ў беларускіх перыядычных выданнях: альманаху “Тутэйшыя”, “Далоні цёплыя зямлі”, часопісах“Дзеяслоў”,“Мастацтва”,”Роднае слова”, газетах “Культура”, “Краязнаўчая газета”, “Мінскі кур’ер”, дзе яна выступае як паэтка, журналістка, мастацтвазнаўца.
Так сталася, што Святлана захапілася жывапісам. У маленстве яна марыла быць настаўніцай малявання, дзівілася хараству пейзажаў І. І. Шышкіна. Калі вучылася на пятым курсе факультэта журналістыкі (1987г.), наведвала студыю выяўленчага мастацтва “Квецень” Алеся Квяткоўскага пры Палацы чыгуначнікаў г. Мінска. Калі працавала карэспандэнтам газеты “Інтэграл” пры НВА “Інтэграл”, брала ўрокі па малюнку, жывапісу і кампазіцыі ў Мікалая Шулякоўскага ў студыі “Крынічка” пры НВА “Інтэграл”. Марыла аб паступленні ў БДАМ…
-Сёння я прэзентую свае жывапісныя творы, напісаныя на працягу 2014 – 2017гг. Сюды ўвайшлі два цыклы: “Мой Мінск” і “Дванаццаць месяцаў”, а таксама нацюрморты і пейзажы, партрэты. У гэтым годзе наш славуты горад Мінск урачыста адзначыў сваё 950-годде. “Наберажная Свіслачы. Цёплы вечар (2016г) і “Чырвоны касцёл”(2016г.) – гэта маё прызнанне ў любові дарагому Маэстра. Думаю, то гэтая тэма будзе прадоўжана новымі творамі, бо ў мяне ёсць многа ўлюбёных куточкаў сталіцы, гэта і скрыжаванне вуліц Сурганава і праспекта Незалежнасці, і Траецкае прадмесце, і Верхні горад, і Асмалоўка, і Уручча, дзе я жыву, -распачала сваё выступленне Святлана.
Цыкл “Дванаццаць месяцаў” быў задуманы ў 2015годзе. У ім мне хочацца паказаць асаблівасці нашага беларускага краявіду ў розныя поры году. Разам са станам дрэў, раслін і птушак я спрабую раскрыць унутраны свет, псіхалагічны настрой чалавека, які займаецца сваёй любімай справай: піша пейзаж на пленэры, праглядвае пчол, чытае вершы, углядаецца ў жыццё праз аб’ектыў фотаапарата… Мяне заўсёды захапляюць людзі, улюбёныя ў сваю справу, якія цягам жыцця становяцца багатымі духоўна, прафесійна, якія шчодра дзеляцца плёнам сваёй працы. Гэты цыкл таксама будзе працягнуты. І, вядома, мяне хвалюе тэма малой радзімы, тэма сялянскай працы на зямлі:”Час сеяць бульбу”(2016г),”Халодная вясна”(2016г) і інш. “Залатая капля “ – вобраз неадназначны. Гэта і залатая капля духмянага мёду, і патрыархальная сям’я як ячэйка грамадства, і залатая капля – праца-служэнне асобна ўзятага чалавека.
2017 год – гэта год нашай пяцісотгоднасці, год нашага славутага земляка, першадрукара, яскравай постаці эпохі Адраджэння Францыска Скарыны. Выстава жывапісу названа мною “Пад знакам Сонца”, Гэта значыць, што ўсе мы – зямляне – дзеці Сонца, гэтая зорка для нас як маці. Скарына працаваў пад загадкавым сігнэтам “Сонца маладзіковае”. Даследчыкі Скарыніяны адкрываюць усё новыя значэнні гэтай выявы. Цудоўна тое, што мы карыстаемся духоўным і тэхнічным здабыткам нашага папярэдніка, і разам з беларусамі гэтую дату святкуе ўся Еўропа, – распавяла Святлана далей.
Калі вядучы бібліятэкар Юлія Дзягцяр спытала пра творчыя планы, то спадарыня Святлана адказала:
-Хочацца напісаць твор на тэму мацярынства, Гэтая тэма – вечная, і сёння актуальная, як ніколі. Таксама ў фарбах і лініях паразважаць над вобразам Францыска Скарыны, вобразам маіх сучаснікаў. І яшчэ – пісаць проста кветкі: і ландышы, і вяргіні, і хрызантэмы.
Добрыя словы ў адрас мастачкі прагучалі ад Алены Грышкевіч,Элы Дзьвінскай, аўтара – ўкладальніка кнігі артыкулаў пра таленавітага беларускага мастака Алеся Пушкіна “Алесь Пушкін”. Журналістка заўважыла, што Святлана Раманава працуе ў традыцыйным рэчышчы, тэмы яе творчасці як у паэзіі, так і ў жывапісе – гэта любоў да роднага краю, да малой радзімы, да беларускай прыроды. Спадарыня Эла прачытала верш Ларысы Геніюш.
Падчас сустрэчы госці пазнаёміліся з дзіцячым фальклорным ансамблем “Вольніца” ЦДТ Першамайскага раёна (кіраўнік А. В. Жук), з цудоўнай выставай вышыўкі бібліятэкара дзіцячай бібліятэкі №5 Ю.І. Дзягцяр.
Вельмі прыемна было пачуць пераклад памятных словаў Францыска Скарыны з прадмовы да кнігі “Юдыф” на японскай мове, які зрабіла і прачытала перад удельнікамі сустрэчы кіраўнік Інфармацыйнага цэнтра японскай культуры ў Мінску Масако Тацумі-сан. “ Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае…”. Таксама Масако пазнаёміла слухачоў з кнігай для дзяцей японскага пісьменніка Нанкіці Наімі “Лісёнак Гон”, дзе пераклад з японскай на рускую мову зрабіла яе дачка Юйэ Тацумі і музыка і перакладчык Мікалай Пруднікаў. На развітанне Масако – сан дапамагла жадаючым самастойна напісаць іерогліфы “Надзея”, “Здароўе”, “Сонца”, “Любоў” , расказала аб тым, што ёй вельмі падабаецца беларуская мова і яна пераклала вершы беларускіх паэтаў Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Адама Глобуса на японскую.
Удзельнікі творчай сустрэчы атрымалі ў падарунак наборы паштовак, сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” , а таксама добры настрой і жаданне супольна па меры сваіх магчымасцяў зберагаць і ўзбагачаць культуру Бацькаўшчыны.
… А праз колькі дзён да Святланы разам з чытвонажоўтым кляновым лістком прыляцеў верш, які яна прысвяціла карціне Г.Х. Вашчанкі “Нашчадкам”:
Я – той нашчадак,
Які па запрашэнні Францыска Скарыны і Гаўрыіла Вашчанкі
Мусіць прысесці да радзіннага стала, на якім гарыць свечка.
Поле – бяскрайняе, стол – даўжэзны,
За яго могуць прысесці ўсе наступнікі.
Белы абрус – у залацістым святле.
На стале – “Біблія”.
Яе крамяныя старонкі (з іх цячэ мёд мудрасці!)
Чытае вецер стагоддзяў.
Я – той нашчадак з ХХI стагоддзя,
Які спыніўся і задумаўся:
Жыццё павінна быць глыбокім і відушчым.
У кожнага з нас – свая свечка.
Гарэць ёй. Гарэць пры жыцці зямным і пасля зямнога.
Многа хацець – ня грэх.
Толькі чаго хацець?
Святла! Працы!
Суладдзя й любові.
Каб табе і кожнаму хапіла хлеба й неба.
Каб чалавек ніколі не йшоў вайной на чалавека,
Каб чалавек вывучаў жыццё і адкрываў зоры новыя.
Жыць па Хрысту…
Каб захаваць жыццё
Пад сонцам маладзіковым.
Фота Элы Дзвінскай, Марыі Калуга