3 красавіка 2014 года ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” паэт Уладзімір Мароз і бард Аляксей Нежавец правялі творчыя сустрэчы ў сярэдніх школах №2 і №3 горада Бярозы, прымеркаваныя да тыдня юначай і дзіцячай кнігі. У.Мароз чытаў вершы з кніг “Хутаранская зорка” і “Шляхцянка-восень”, новыя творы. Таксама правёў міні-віктарыну па тысячагадовай гісторыі беларускай кнігі, якую запачаткаваў верш “Старажытнае слова”.
Старажытнае слова
Я дастану са скарбніц, сваіх невычэрпаных сховаў,
Кнігі з пахам вякоў, дзе бурштыннай крыніцай звініць
Беларускага княства вяліка-ліцьвінскага слова,
Каб яднання вякоў не ірвалася крэўная ніць.
Тут са мной размаўляюць Скарына, Цяпінскі і Будны
Ў роднай мове, з якою на свет усіх Бог нас пусціў.
Гэта вечная плынь, і няхай не святкуе аблудны –
Засціць слова, як сонца, нікому не ўдасца ў жыцці.
Учытайся, пачуеш – яно ў нас жывое спрадвеку,
І сягоння чаканіць прасветлена ўзнёслы радок.
Мовы скарб зберажом, каб сябе пачуваць чалавекам,
Каб штодня даваў моцы Айчыны гаючы глыток.
Удзельнікі віктарыны, якія правільна адказалі на пастаўленыя пытанні, атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У выкананні А.Нежаўца прагучалі патрыятычныя і лірычныя песні на вершы Алеся Пісьмянкова, Яўгеніі Янішчыц, Навума Гальпяровіча, Анатоля Зэкава. Запоўненыя актавыя залы школ сведчылі аб вялікай цікаўнасці дзяцей да роднага слова, увасобленага ў паэтычных радках і аўтарскай песні.