6 ліпеня 2013 года ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася паэтычная імпрэза “Табе, мой любы горад, прысвячаю”, прымеркаваная да дня горада, які адзначае сваё 625-годдзе. Вёў святочнае мерапрыемства краязнаўца, пісьменнік, рэдактар альманаха “Куфэрак Віленшчыны” Міхась Казлоўскі. У межах кампаніі “Будзьма беларусамі” у імпрэзе прыняў удзел паэт Уладзімір Мароз, які прачытаў свае вершы аб родным слове і роднай зямлі. Напрыканцы прагучаў верш “Шыбельная гара”, прысвечаны падзеям 150-гадовай даўніны. Гэтая гара існавала ў Івацэвіцкім раёне, там на галінах соснаў былі павешаныя паўстанцы Каліноўскага. Мясцовыя жыхары пахавалі целы паўстанцаў, а на соснах замацавалі абразкі на памяць аб загінуўшых.
…Абразкі потым з дрэвм зрасліся,
Ледзь відаць у шурпатай кары.
Дух свабоды гартуецца ў высях,
Стануць зноў у шыхты змагары.
Для таго ад мінуўшчыны позвы,
Толькі чуйна настройвай свой слых.
Зацьвярдзелыя смолы як слёзы –
Плача маці па дзецях сваіх.
Напрыканцы імпрэзы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў раённай краязнаўчай віктарыны “Ці ведаеш ты свой горад?”. Уладзімір Мароз уручыў пераможцам падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Паэтычная імпрэза выклікала вялікую цікавасць у жыхароў Маладзечна.