11 снежня 2015 года ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” паэтэса Вера Буланда выступіла перад студэнтамі лячэбнага факультэта медуніверсітэта горада Мінска. Незвычайна ўдзячныя чытачы універсітэцкай бібліятэкі, у якой і была арганізавана сустрэча, шчырымі апладысментамі адгукаліся на кожны верш госці. У такім цёплым дыялогу пра Паэзію яны пераканаліся, што “з усіх спосабаў пазнання свету паэзія – самы шчаслівы, а паэты вартыя гэтага шчасця” (В. Вітка). І таму, відаць, для спадарыні Веры
Паэзія – мая гаспода і мой храм,
Мая дзявочая святая летуценнасць…
Паэзія, мне без цябе не жыць,
Не існаваць, не плыць ва ўласным лёсе,
Як мытнік строгі рыфмы на мяжы
Радкоў спантанных, літасці не просіш…
Вера Аляксандраўна згодна з выказваннем Расула Гамзатава у тым, што людзей-непаэтаў няма – кожны чалавек у душы крыху паэт. Значыць, калі мы сустракаемся і слухаем паэзію, то мы – аднадумцы, а таксама ўпэўнімся: “мая паэзія – ёсць акт дружбы з чалавекам, і адсюль мае паводзіны: пішу – значыць люблю” (М. Прышвін)
Мая прафесія паэт –
Надзелена я гэтым правам,
Бо дзеля людскасці – не славы
Мая прафесія Паэт…
Студэнты цікавіліся, як узнікаюць вершы, “з якога смецця”, калі паэтэса пачала падбіраць рыфмы, хто з паэтаў асабліва падабаецца. На ўсе пытанні слухачы атрымалі змястоўныя адказы, нават кожны ўспомніў сваю малую радзіму калі гучалі вершы пра Мсціж — “сталіцу лёсу” аўтара.
Прыехаць бы на Мсціж свой леташні,
Калі былі мы значна лепшымі,
Каб па лугах прайсціся босымі,
Умыцца б травамі нам роснымі,
Каб сонцам ранішнім уцерціся
Ды на вясёлку абаперціся,
Сказаць самім сабе, што весела
Пабыць у краі нашым песенным,
Хоць у цяперашнім – не леташнім,
Каб нашы думкі сталі лепшымі.
Самыя актыўныя ў паэтычным дыялогу ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымалі ў падарунак торбачкі, майкі з выявай Цмокаў, паштоўкі “Не маўчым па-беларуску”.