31 ліпеня 2016 г. у Дзмітравіцкім сельскім доме культуры, што ў Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці, у межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыўся выступ фолк-блюз ансамбля “Балцкі Субстрат”. На музычна-паэтычную імпрэзу з яго ўдзелам сабралася публіка самых розных узростаў: паслухаць музыкаў прыйшлі і пенсіянеры, і дзеці, і моладзь. У канцэрце, які складаўся з двух аддзяленняў, гучалі песні на словы айчынных паэтаў-класікаў (Максіма Багдановіча, Максіма Танка), сучасных беларускіх аўтараў (Віктара Сямашкі, Джэці), кампазіцыі паводле народных тэкстаў. У перапынку паміж аддзяленнямі сярод прысутных была праведзена літаратурна-краязнаўчая віктарына на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А своеасаблівым сюрпрызам для жыхароў пушчанскага краю стала выкананне музыкамі пры канцы імпрэзы песняроўскага хіта “Белавежская пушча” ў перакладзе на беларускую Наталлі Арсенневай.
Фота Таццяны Куратнік