10 лютага 2017 г. у дзіцячай бібліятэцы № 1 г. Мінска ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць” адбылася сустрэча з Аксанай Спрынчан і Ярашам Малішэўскім. На імпрэзе прысутнічалі вучні пятых класаў школы, якія разам з настаўніцай знаёміліся з беларускай музыкай і літаратурай. Ад Аксаны Спрынчан прагучалі вершы – дзіцячыя і не зусім, вясёлыя і лірычныя. Вучні з задавальненнем не толькі слухалі ды глядзелі, але і таксама бралі ўдзел у творчай сустрэчы. Так, калі Аксана Спрынчан чытала вершы-загадкі, наведнікі з ахвотаю ўлучыліся ў прапанаваную пазнавальную гульню. Пераможцы атрымлівалі прызы ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Кожны прыз, як і заўжды, нясе апрача дэкарацыйнага, і сэнсавы складнік. Да прыкладу, заахвочвае задумляцца, чаму ж Беларусь – краіна цмокаў. Альбо той, хто яшчэ не зусім цвёрда арыентаваўся ў слаўных сёлетніх угодках, пасля сённяшняй сустрэчы ўжо дакладна будзець ведаць, што ж значыць – пяцьсот гадоў беларускаму кнігадрукаванню. Ад Яраша Малішэўскага слухачы і гледачы чулі займальную лекцыю, у якой апавядалася пра разнастайныя беларускія музычныя інструменты, іхнюю гісторыю і адметнасці. А галоўнае, што гэтыя інструменты гучалі, дорачы настрой і эмоцыі. Часам вучні далучаліся да спеваў, і тады ў бібліятэцы гучаў сапраўдны хор. Разыходзіліся ўсе – і выступоўцы, і госці з усведамленнем: час не прамінуў марна. Менавіту гэтую мэту і ставіць кампанія “Будзьма”, нястомна пашыраючы беларускую прастору.