Што ведаў бы чалавек пра сябе самога і навакольны свет, пра свой шлях скрозь доўгія вякі і эры, калі б… Калі б не мастацтва. Калі б не засталіся далёкім, ня знаным наступнікам у спадчыну наскальныя малюнкі ў першых пячорах, россыпы арнаментальных знакаў на чарапках старога посуду, знойдзенага аднойчы археолагамі, ды тканыя-вышываныя-разьбаваныя-маляваныя вобразы мінуласці і вечнасці нашай зямлі?!
Што дазналіся б мы з мудрай прадаўнасці, занатаванай у памяці продкаў і старадруках, у песнях і паданнях, калі б… Калі б спыніўся раптам духовы рух эпох і знямела слова, згасла фарба, стаміліся веставаць да пераемнікаў усе ўпластаваныя ў скарбніцу веды рупліўцаў, што жылі тут, на Бацькаўшчыне, і пакідалі нам у пасаг пісьмёны, відарысы, скульптуры, пявучыя інструменты, узоры дум, пошукаў, сягненняў, урослыя ў нацыянальную глебу і ўтварылыя нашу адметнасць, нашу непаўторнасць, нашу пазнавальнасць у свеце, поўным людзей ды ідэй.
Але так ня сталася. Нішто не сціхла і не схавалася у сцямнелых лёхах старажытнасці. Усё жывіць-сілкуе час насталы – час, у якім наноў адкрываецца сутнасць Пачатку. Сутнасць повязі нашай з папярэднікамі і спадчыннікамі. Бо ўсе разам тут мы й ёсць Гісторыяй.
Прынамсі, акурат гэтак складалася 28-га верасня сустрэча муз у мастацкай галерэі гораду Бяроза, што на Берасцейшчыне, – як паразуменне творцаў у плыні айчыннае гісторыі. Як спатканне пад абярожным знакам 500-годнасці кнігадруку ці не ўсіх дбайцаў на ніве беларушчыны ў пушчанскім краі.
І паэткі Валянціна Осіпава ды Антаніна Хатэнка, што адорвалі гасціну цёплымі пранікнёнымі радкамі, а таксама раздавалі дзятве і дарослым наведнікам галерэі помныя “простыя рэчы” – паштоўкі, значкі, торбачкі з выявамі да юбілею кнігадруку, нібыта зьядноўвалі ў кропцы адліку мінуўшчыну з будучыняй. А мастакі і майстры тым часам разгортвалі багатае размаітае палатно прыроднае красы і незвычайнага стваральніцтва. Ды й Францішак Скарына, зрэшты, са словам Божым на мове свайго народу пачуваўся тут, здавалася, сучаснікам. Сучаснікам і аднадумцам тых мастакоў, майстроў, паэтаў, што сабраліся ў восеньскай цішы сказаць і сваё штосьці запаветнае ў дзень сённяшні і прышлы.
У такой вось лучнасці, напэўна, і засноўваецца тое срэбранае нітво этнічнае культуры, што трымае напята і трымцліва ў прасторы святло любові – любові да сваёй зямлі і свайго роду. Любові, што засявае зярнятамі праўды, адвагі і мудрасці векавечнае поле нашае нязбытнасці Тут, скуль бярэ выток першаслова і дзе ўпадае ў сэрцы мелодыя калыханкі, каб суграваць усіх і кожнага ў дарогах самапазнання і самапавагі.