Творчая вечарына «ПОЛЬСКАЯ ПАЭЗІЯ ХХ СТАГОДДЗЯ» ў межах літаратурных чытанняў з часопісам «ПрайдзіСвет» прайшла ў мінскай “КнігарніЎгалерэі” 23 красавіка.
Улічваючы малую залю для правядзення мерапрыемства, публіцы нават не хапіла месца.
Андрэй Хадановіч
На творчай сустрэчы гучалі вершы Станіслава Бараньчака, Кшыштафа Каміля Бачыньскага, Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, Збігнева Герберта, Рышарда Крыніцкага, Баляслава Лесьмяна, Яна Леханя, Чэслава Мілаша, Віславы Шымборскай.
Лявон Баршчэўскі
Вершы ў арыгіналах і сваіх перакладах чыталі Лявон Баршчэўскі, Марына Казлоўская, Марыя Мартысевіч, Кацярына Маціеўская, Віталь Рыжкоў, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута і інш.
Юля Цімафеева, перакладчыца, сябра рэдакцыі інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет»:
– Гэта ўжо чацвертая вечарына з шэрагу літаратурных чытанняў з часопісам «ПрайдзіСвет». Польская паэзія ХХ стагоддзя як тэма для вечарыны была абраная зусім невыпадкова. Багацце і прыгажосць літаратуры нашай суседкі прызнаныя ва ўсім свеце і адзначаныя не толькі перакладамі на шматлікія мовы свету, але і чатырма нобелеўскімі прэміямі па літаратуры. Дарэчы, вершы двух з іх – Чэслава Мілаша і Віславы Шымборскай – таксама гучалі падчас чытанняў.
Марыйка Мартысевіч
Што датычыць адметнасці самой вечарыны, то, як і на папярэдніх трох, на ёй гучалі вершы не толькі ў беларускіх перакладах, але і ў арыгіналах, то бок па-польску. Мне падаецца, чытанні ў арыгіналах робяць нашыя вечарыны адметнымі ў шэрагу іншых і прывабліваюць не толькі аматараў паэзіі па-беларуску, але і прыхільнікаў і знаўцаў замежных моваў.
Кацярына Маціеўская, сябра рады “ПрайдзіСвета”, удзельніца вечарыны:
– У чацвертым нумары «ПрайдзіСвет» зрабіў спробу адкрыць беларускаму чытачу паэтаў так званага «пакалення калумбаў» – творцаў, што нарадзіліся ў пачатку 20-х і чыё сталенне прыпала на час Другой сусветнай вайны, якой многія з іх не перажылі. Іх перакладалі і перакладаюць мала і на рускую мову, у нас жа існуюць адзінкавыя пераклады. На вечарыне прагучалі пераклады вершаў самага значнага паэта гэтага пакалення – Кшыштафа Каміля Бачыньскага.
Ганна Янкута і Андрэй Хадановіч
Нешматлікасць перакладаў – не апошняя прычына, з якой былі абраныя гэтыя творцы. У нас мала пра якіх паэтаў можна сказаць як пра «замучаных перакладамі», але многае ў нас перакладаюць па інэрцыі – з замучаных рускімі перакладамі. То бок калі, напрыклад, санэты з ангельскай – абавязкова Шэкспір, прачытаны спачатку ў рускім перакладзе. Таму з майго боку пераклады тых самых «калумбаў» альбо малаперакладаных скамандрытаў – у прыватнасці дзівоснага Яна Леханя – яшчэ і спроба пераадолець гэтую інэрцыю.
Марына Казлоўская і Марыя Пушкіна
Творчая вечарына прайшла пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!»
На першым фота: чытае Віталь Рыжкоў
Фота: Паліна Маслянкова і Алена Пятровіч