Удзельнікі праекту «У нескладовае» сабраліся 20-га кастрычніка ў кавярні «Камяніца», каб адказаць на пытанні журналістаў. Раман Арлоў адразу папрасіў прабачэння праз тое, што ў поўным складзе «У нескладовае» ўбачыць не атрымаецца. На прэс-канферэнцыі у «Камяніцы» праект прадстаўлялі пяць чалавек: Раман Арлоў, Яўген Чалышаў, Віктар Рудэнка, Аляксей Хлястоў, Мікалай Батвіннік. На вялікі жаль, не пабачылі там Аляксандра Памідорава: «Алесь пакуль вельмі верыць у сваю шчаслівую зорку журналіста, таму знаходзіцца цяпер у Варшаве, — кажа Раман Арлоў. — На жаль, не прысутнічаюць Хітрык і Глушыцкая — яны цяпер у Іспаніі, але на прэзентацыі абяцалі быць».
Мікалай Батвіннік, Аляксей Хлястоў, Віктар Рудэнка, Яўген Чалышаў, Раман Арлоў
Сустрэча пачалася са словаў падзякі тым людзям, якія падтрымліваюць праект у Мінску.
Гэта і Аляксей Хлястоў, папулярны спявак, які нядаўна далучыўся да праекту, і Яўген Чалышаў, які таксама з’яўляецца партнёрам праекту і большасць часу праводзіць у Мінску, таму яго цеплыню і падтрымку Арлоў адчувае кожны дзень.
Яўген Чалышаў
Падзяку атрымаў і Віктар Рудэнка, які сёння з’язджае ў Маскву з Раманам Арловым, каб беларуская культура рушыла наперад за межамі Беларусі, спачатку ў Расійскай Федэрацыі. У Расіі «У нескладовае» плануе даць 2 канцэрты: 21 кастрычніка і 11 лістапада.
Віктар Рудэнка
«Сёння ў Маскве адбудзецца вялікая сходка ў клубе «Шанти». Там будзе літаратурная частка: Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч. І музычная: гурт «Dali» ў акустычным варыянце, праект «У нескладовае» і гурт «Харлі» — падзяліліся музыкі.
Некалькі словаў дадаў і каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!», Севярын Квяткоўскі: «Вельмі арыгінальна, што Раман абраў портам для прапіскі Маскву. І не сакрэт, што ў Расіі жыве не менш за мільён беларусаў, нічым не горшых за тутэйшых. Таму я спадзяюся, што супольныя дзеянні кампаніі «Будзьма беларусамі!» і праекту «У нескладовае» пойдуць на карысць і праекту, і грамадству».
Севярын Квяткоўскі
Пасля гэтага перайшлі да апытанкі.
Раман, такі набор вакалістаў — гэта выпадкова ці ўсё ж такі вы накіравана збіралі сваю каманду?
Раман Арлоў: Думаю, гэта ў прынцыпе ноу-хау для Беларусі; можа быць, даволі амбіцыйна, але гэта сапраўды першы беларускі олд-старс-бэнд. Гэта вельмі складаны праект у менеджменце, затое і вельмі цікавы.
Раман Арлоў
Чым вы адрозніваецеся ад супольных праектаў, у чым ідэйнае адрозненне менавіта вашага праекту?
Раман Арлоў: Максімальна ўсё спрашчаючы, кожны супольны музычны альбом — гэта п’еса. «Святы вечар» — п’еса, «Народны Альбом» — безумоўна, п’еса. Мы, як мінімум, — «не п’еса». Гэта сапраўды рознастылёвы, а ў перспектыве яшчэ больш рознастылёвы, набор неспалучальных музычных кампанентаў — вось у чым істотнае адрозненне. У нас больш гнуткая форма існавання: напрыклад, сёння мы можам сабрацца з Аляксеем і Віктарам, з’ездзіць у Кіеў і даць там паўнавартасны канцэрт «У нескладовага».
Віктар Рудэнка: Хачу дадаць, што ў Маскве «У нескладовае» — гэта альянс розных гуртоў. Гэта слушна называецца праектам, таму што акрамя таго, што мы выконваем творы Рамана Арлова, мы з’яўляемся носьбітамі беларускай культуры ў Расіі.
Наступнае пытанне — да кожнага з вакалістаў. Чаму вырашылі далучыцца да праекту, у чым бачыце сэнс, ці будзеце ў будучыні прапаноўваць свае песні?
Яўген Чалышаў: Свае песні прапаноўваць будзем крыху пазней, тое, што я падпісаўся сюды сёння, гэта хутчэй нейкі творчы пошук, жаданне папрацаваць у вялікім калектыве.
Раман Арлоў: Мне б хацелася, каб «У нескладовае» пульсаваў, прыблізна 2 разы на год выпускаў нешта новае, а ў мяне напэўна не хопіць моцы трымаць яго аднаму, бо ў гэты дыск я ўклаў свае намаганні за тры гады.
Віктар Рудэнка: Калі казаць пра ўдзел, то цікава будзе напісаць песні менавіта для «У нескладовага». Я лічу, што маё супрацоўніцтва станоўча паўплывае на мой гурт «Далі», дзякуючы гэтаму праекту мы цяпер здымаем кліп у Маскве.
Аляксей Хлястоў: Мне было вельмі прыемна, калі Раман запрасіў мяне да ўдзелу ў праекце. Для мяне гэта быў сур’ёзны крок. Да таго ж, гэта маленечкі доказ, што мы, поп-артысты, можам спяваць без фанаграмы. Пакуль я буду цікавы для праекту, я буду працаваць з ім. І думаю, што змагу прыцягнуць да праекту ўвагу слухачоў поп-музыкі.
Аляксей Хлястоў
Будзе генерацыя больш цяжкага альбо электроннага гучання?
Раман: Натуральна, частка песняў была напісаная даволі даўно, таму на іх паўплываў мой удзел у гурце «J-морс». Мы тэставалі песню «Не кожны», і пэўныя людзі нам сказалі, што гэтая песня выходзіць за межы паняцця «поп-рок».
Хаця дакладнага пытання не прагучала, Раман Арлоў расказаў пра ўдзел у праекце замежных «зорак»: «Нам пашанцавала, у Маскве з’яўляюцца людзі, якія дапамагаюць праекту, пры гэтым яны ніяк не звязаныя з Беларуссю. Напрыклад, такія людзі, як Аксана Пачэпа, вядомая як спявачка Акула (шмат хто яшчэ памятае яе песню «Кислотный Ди-Джей, хэй!») і лідар гурта «7б» Іван Дзям’янаў з’яўляюцца ў кліпе «У нескладовага» з характэрным жэстам».
Прэзентацыя альбома праекту «У нескладовае» для беларускай публікі адбудзецца 28 кастрычніка. У гэты ж дзень альбом з’явіцца ў продажы ў сетцы «Містэрыя Гуку».
Рэжысёр кліпа Мікалай Батвіннік
Саша Рогач