Праехаўшыся па ўсходзе краіны, прэс-клуб культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” скіраваўся на захад. Гэтым разам не было эмацыйнага супрацьстаяння, як у Гомелі, ці дыскусіі пра вартасць медыйнай падтрымкі сваіх талентаў, як у Магілёве, — актуальныя пытанні культурніцкай журналістыкі ў Гародні абмяркоўваліся лагодна.
Віктар Марціновіч, аб’ездзіўшы з кампаніяй ужо чатыры рэгіёны, звыкла параўнаў сустрэчу з паседжаннем ананімных антыалкаголікаў, на чым размова пра “невыносную лёгкасць быцця” гарадзенскага журналіста і завязалася. Унутраных супярэчлівасцяў у прафесіі выкрылася дастаткова, але пра ўсё па парадку.
Базавы ўступны блок змясціў інфармацыю пра тэорыю медыяў, параўнанне СМІ і медыяў і тое, як інтэрнэт ужо змяніў светаўспрыманне чалавека.
Кім ствараецца карціна свету, калі “аўтар памёр”?
Канцэпцыя “смерці аўтара” ад Р. Барта — не тэорыя постструктуралізму, а банальная рэчаіснасць. За апошнія дзесяцігоддзі чалавецтва стварыла інфармацыйную прастору, здольную фармаваць сябе самастойна. Цытаты ператвараюцца ў мемы, колькасць аўтараў праз пастаяннае змяншэнне сабекошту сродкаў масавай інфармацыі (да амаль абсалютнай бескаштоўнасці сёння) расце ў геаметрычнай прагрэсіі, таму і асабістая інтэрпрэтацыя падзей і з’яваў аўтарам, здавалася б, толькі перанасычае “эфір”…
Але такая рэакцыя, мажліва, ёсць толькі самаабаронай перад няспынным ростам колькасці тэкстаў. Таму што з іншага боку, сярод велізарнай колькасці крыніцаў інфармацыі ўсё большую важнасць набываюць медыі з выразнай карцінай свету. Знакамітая фраза “Тhe medium is the message” Маршала Маклюэна вызначыла твар сённяшняй медыяіндустрыі: важна не тое, што ты кажаш, а тое, праз якую прызму ты бачыш тую ці іншую з’яву.
“Роля медыяў сёння — хутчэй рэканструяванне явы, чым яе рэпрэзентацыя”, — базавая і, напэўна, найважнейшая тэза ад Віктара. — Мы мусім асэнсавана падыходзіць да светапогляду, які нясем праз сябе іншым. Гэта мы ў вялікай ступені фармуем мысленне сваёй аўдыторыі: грамадства ў межах сваёй супольнасці, свайго горада, сваёй краіны.”
Цікавасць выклікала спасылка на высновы амерыканскай навукоўцы балгарскага паходжання Марыі Бакарджыевай, якая правяла паралель паміж сацыяльнай роляй шаманаў плямёнаў, што засталіся па-за межамі тэхнічнага прагрэсу, і роляй медыяў, асабліва інтэрнэт-СМІ, сёння. “Гарачы памочнік” — такая метафара адлюстроўвае спосаб таго, як мы “ўжываем” мас-медыі.
Культурніцкая інфапрастора ў Гародні: усе свае
Шмат размаўлялі пра актыўнасць гарадзенскага (але хіба толькі яго?) чытача. Вось, скажам, наведвальнасць навінаў культуры большая пасля мерапрыемства, чым да яго. А значыць, вялікую і, на жаль, большую значнасць для чытача сёння мае эфект прысутнасці на экране ды магчымасць адзначэння адно аднаго на фотаздымках у справаздачах, чым заклікі наведаць само мерапрыемства.
Калегі з лёгкасцю змаглі назваць з тузін імёнаў, што ёсць прызнанымі аўтарытэтамі ў рэгіёне. “У Мінску жа такой з’явы няма, і любы малады творца лёгка раўняе з грунтам вядомага прафесіянала — вось вам і розніца. І тут Гародня мае перавагу ў культурным жыцці”. Але што гэта: перавага, якой трэба актыўна карыстацца, ці сведчанне, што ў горадзе, дзе ўсе адно аднаго ведаюць, крытыкаваць складана? Крытыкаваць сваіх, дарэчы, удзельнікі прэс-клубу (ужо які раз) вялікай неабходнасці не бачаць. Правільна гэта ці не — прынамсі, для нас пытанне адкрытае.
Рэцэпты шчасця
Каб не зацыклівацца на тым, хто вінаваты, засяродзіліся на тым, што рабіць. ”Сённяшнія культуртрэгеры шукаюць таленты ў сябе пад носам у сталіцы, а яны ўсе ў рэгіёнах, куды і трэба ісці. Таму пішыце пра таленты тут і сёння, каб яны не гінулі, як Шагал, ад якога раптам у адзін момант збеглі ўсе вучні. У гэтым і ёсць галоўная роля журналіста культуры”, — падаецца, што чалавек, які расчараваўся у палітычнай журналістыцы ды звярнуўся да культурніцкай, ведае пра што кажа, таму раім вам новы артыкул Марціновіча пра выбітнага (і нікому не вядомага!) мастака, настаўніка Васняцова.
Ці працуюць сацыяльныя сеткі на гарадзенскія СМІ?
Алесь Плотка (PR-менеджар кампаніі “Будзьма!” у 2010—2013 годзе), адразу звярнуў увагу на тое, што ягоны досвед болей эмпірычны, як у афлайн-, так і ў анлайн-актыўнасцях. Разам параўналі рэаліі працы з сацыяльнымі сеткамі на досведзе сайта “Будзьма!”. І калі высновы па актыўнасцях сыходзяцца і ў сталічных, і ў рэгіянальных, то ў адрозненні цікава тое, што “будзьмаўскі” інтэрнэт-рэсурс мае вельмі высокі працэнт прыходу чытача менавіта з сацыяльных сетак (70-80% на месяц), а рэгіянальныя гарадзенскія парталы — не. Напрыклад, прадстаўнік рэсурсу 015.by Святаслаў Ляўчук падкрэсліў вялікую колькасць заходаў на рэсурс наўпрост з пашукавіка. Што ж, відаць камусьці трэба болей працаваць у сацсетках, а камусьці — над канвертацыяй афлайн-зацікаўленасці патэнцыйных чытачоў ў Гугл?
“Запакуйце” навіны пра культуру ў інфармацыйныя кампаніі
“Прабачце, мой мозг болей прагне спачатку стратэгіі, а потым практыкі, — прызнаўся Алесь Плотка, які браў удзел у стварэнні некалькіх камунікацыйных культурніцкіх кампаній. — Прычым стратэгія — зусім неабавязкова шматтамовы талмуд, дастаткова падкрэсліць для сябе мэту і шлях да яе. Хочаце адвакацыі беларускасці ў геаграфічны брэндынг — пачніце пакрокава, матэрыял за матэрыялам, асвятляць гэта. Каб кожны раз, калі вам даводзіцца “змагацца” за вартасць тэмы, вам было на што спаслацца. І гэтак жа на ўзроўні палітыкі рэдакцыі, што хоча падвысіць зацікаўленасць чытача, ці на ўзроўні асобнага журналіста і рэдактара. Усё рэальна, але не адбываецца знянацку”.
Якім мусіць быць “культурніцкі журналіст”?
Каб зрабіць размову пра праблему ўнутрырэдакцыйнай камунікацыі як мага болей практычнай, далёка хадзіць не сталі — на жывым прыкладзе “прэпаравалі” стасункі прысутнага рэгіянальнага журналіста Андрэя Мялешкі з рэдактарам сайта Віталём Рыжковым. Высновы, як і праблемы, даволі простыя для журналіста як для менеджара любой арыентацыі: быць болей актыўным, даціскаць рэдактара, які губляецца ў бясконцых справах (а калі іх стане меней? – ды ніколі), і шукаць цікавыя падзеі і незвычайны погляд на падзеі звыклыя.
Гаворка пра якасці чалавека, які піша пра культуру, закруцілася вакол… чалавечай адэкватнасці, цікаўнасці да культуры і ведання матэрыялу. Адукацыя мастацтвазнаўцы ці культуролага — гэта добра, але яна “не мусіць замінаць: трэба пісаць на зразумелай працоўнаму з завода мове”. Тут, як пагадзіліся, здаецца, усе прысутныя, важны нават не столькі аб’ём інфармацыі ці асабісты стыль, колькі апантанасць абранай тэмай. “Калі ў чалавека гараць вочы ў яго справе (а па тэксце гэта можна зразумець), то яму верыш і заражаешся яго запалам”.
Маеце свае думкі пра развіццё культурніцкай журналістыкі ў краіне, сваім рэгіёне, горадзе ці канкрэтным СМІ? Выказвайцеся ў каментарах!
А таксама дасылайце лінкі на матэрыялы пра цікавыя падзеі рэгіёна на рэдакцыйны e-mail кампаніі “Будзьма беларусамі!” [email protected], і рэдактар рэгіянальных навінаў з радасцю разгледзіць магчымасць іх публікацыі на партале!
Зробім інфармацыю пра культуру дасяжнай, разнастайнай і прывабнай разам!
Тэкст: Кацярына Раманчык
Фота: Аляксандр Ждановіч